Што стала прычынай выключэння беларускага гімна на матчы Лігі чэмпіёнаў у чэшскім Брно, невядома. Але заўзятары “Нёмана” паказалі, што і без музыкі могуць праспяваць гімн сваёй краіны. На працягу 20 секунд гродзенцы ганарліва спявалі, а пасля гэтага ўся чэшская арэна ім апладзіравала.
6 верасня “Нёман” у Брно ў матчы супраць мясцовай “Каметы” падтрымлівала больш за 60 чалавек. Гродзенскія заўзятары ў шумавой падтрымцы не саступалі мясцовым. І гэта нягледзячы на тое, што “Камета” з буйным лікам абыграла “Нёман” – 6:2.
Гонар за родны клуб і краіну гродзенскія заўзятары паказалі яшчэ на старце матчу, калі гучалі гімны краін.
“Гімн Беларусі спынілі, наўмысна ці выпадкова, не ведаю. Але спяваць сталі неяк самі па-сабе, напэўна, на ўзроўні падсвядомасці. І я ганарылася намі і нашай краінай, нашым горадам, нашай камандай. “Нёман” лепшы, няма сумневаў. Толькі наперад!” – пісала пасля матчу ў афіцыйнай групе ХК “Нёман” заўзятарка Алена Лезоўская.
Пасля матчу ў групе з’явіўся запіс ад прэс-аташэ “Нёмана” Віталя Гарбацюка:
“Я, прэс-сакратар хакейнага клуба “Нёман”, афіцыйна ад усёй каманды выказваю вялікую падзяку заўзятарам клуба на арэне Брно ва ўчорашнім матчы. І каманда і ўся арэна ўчора ацанілі ваш учынак. Магчыма, нават дзеля гэтага вы павінны былі быць побач і вы былі… Дзякуй!”
Нават чэхі не засталіся ў баку і ў сваіх сацыяльных сетках хвалілі гродзенскіх заўзятараў.

Пасля чэшскага Брно, “Нёман” адправіўся ў швейцарскі “Цуг” і там 8 верасня правёў чарговы матч у Лізе чэмпіёнаў. Толькі ў авертайме падапечныя Сяргея Пушкова здолелі абыграць мясцовую каманду – 3:2. На гэтым матчы “Нёман” падтрымлівала 28 гродзенскіх заўзятараў.
Пасля чатырох матчаў у сёлетнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў “Нёман” мае 5 ачкоў у сваём актыве і ўсё яшчэ мае шанцы на выхад з групы.
Наступны матч у Лізе чэмпіёнаў чырвона-чорныя правядуць 10 кастрычніка ў Берліне, дзе сустрэнцца з мясцовай камандай «Айсбарэн».


