Вялікі хакей вярнуўся ў Гродна. У першым матчы сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў 31 жніўня “Нёман” прымаў на сваім лёдзе чэшскую «Камету». Матч скончыўся перамогай гродзенцаў з лікам 4:2.

Першы матч гродзенцаў у Лізе чэмпіёнаў наведала 2385 гледачоў. За кошт такой падтрымкі і ўпэўненай гульні «Нёман» здолеў абыграць чэмпіёнаў Чэхіі.

У чырвона-чорных дубль аформіў Сяргей Смураў, якога прызналі найлепшым гульцом у матчы. Таксама ў складзе гродзенцаў па разе вызначыліся Антон Елісеенка і Аляксандр Маляўка. У чэхаў шайбы закідвалі Ян Грушка і Ян Штэнцель.

«Нёман» – «Камета» – 4: 2 (1: 0, 2: 2, 1: 0)

Шайбы закідвалі:
1: 0 – Смураў (Савінаў, Варывончык) 10:02
2: 0 – Елісеенка 24:01
2: 1 – Грушка (Горкі, Кашпар)  27:59
2: 2 – Штэнцель (Стронджала) 30:00
3: 2 – Смураў (Савінаў) 38:04
4: 2 – А. Маляўка (Смураў) 43:34

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў пасля пераможнага матчу:

– Мы вельмі добра пачалі сённяшні матч, на добрых хуткасцях. Тое, што мы запланавалі, калі рыхтаваліся да сённяшняга матчу, даволі многае атрымлівалася, асабліва ў першым перыядзе. І павялі, і стваралі моманты, але ў другім перыядзе з-за выдаленняў каманда прасела.

Вельмі выдатна госці гулялі сёння ў атацы. Паказалі, як трэба кантраляваць гульню ў атацы, я маю на ўвазе ў большасці. І вось гэты гол яны проста выдатна закінулі. Але задаволеныя тым, што калі былі яшчэ выдаленні – хлопцы добра адпрацавалі ў абароне, выстаялі. Калі мы павялі ў ліку, госці павінны былі больш актыўна пачаць гуляць, што і адбылося. Мы добра бараніліся і тыя контратакі, якія стварылі, удала рэалізавалі. Прыемна, што ўсё так склалася. Павіншаваў рабят з добрай гульнёй, свята атрымалася. Хакей быў добры.

Ужо 2 верасня “Нёман” правядзе другі матч у Лізе чэмпіёнаў. На сваім лёдзе гродзенцы будуць прымаць швейцарскі “Цуг”. Білеты яшчэ ёсць у продажы.