Пасля нядаўніх дажджоў адбыўся чарговы абвал берага Гараднічанкі на вуліцы Працоўнай. З зямлі паказаліся цікавыя старыя знаходкі, сярод якіх і мацэвы — яўрэйскія надмагільныя пліты.

Такія знаходкі на берагах Гараднічанкі папулярныя ў апошнія гады. І могілак яўрэйскіх там ніколі не было. У савецкі час грунтам са старых яўрэйскіх могілак умацоўвалі берагі Гараднічанкі, пра гэта раней казаў чытач Hrodna.life Віталь Пруднікаў.


У Гараднічанцы зноў знайшлі надмагільную яўрэйскую пліту


«Мая маці распавядала, што гродзенскі стадыён „Чырвоны Сцяг“ (сучасны „Нёман“) пабудаваны на месцы старых яўрэйскіх могілак. Менавіта тады акультурвалі берагі Гараднічанкі надмагільнымi помнікамі. Дарэчы, тады была забастоўка гродзенскіх яўрэяў, але гэта не дапамагло. Дзіўна, чаму цяпер усе робяць выгляд, што не ведаюць адкуль гэтыя камяні…».

Жыхары вуліцы Працоўнай не выключаюць, што мацэвы апынуліся ў Гараднічанцы пасля апоўзняў гары, на якой стаіць сінагога. У савецкі час на гары гродзенцы рэгулярна знаходзілі косткі і яўрэйскія мацэвы, бо там раней былі таксама старадаўнія яўрэйскія могілкі.

Гродзенскі рабін Іцхак Кофман распавёў Hrodna.life, што знойдзеныя мацевы верагодней за ўсё з Новых могілак, дзе цяпер стаіць стадыён «Нёман». Апошнія знойдзеныя на беразе ракі адносяцца прыкладна да канца 19 стагоддзя.

Бераг Гараднічанкі, нягледзячы на намаганні рабочых, працягвае спаўзаць у раку і тым самым паказваць гродзенцам цікавыя знаходкі. Надмагільныя камяні - толькі адны з іх.
Ля абрынутага берага Гараднічанкі зноў знаходзяць яўрэйскія надмагільныя пліты
Ля абрынутага берага Гараднічанкі зноў знаходзяць яўрэйскія надмагільныя пліты

Даведка

Яўрэяў у Гродне хавалi на Старых і на Новых могілках. Новыя яўрэйскія могілкі, якiм, нягледзячы на ​​назву, было некалькі сотняў гадоў, знішчылі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Помнікі і надмагільныя пліты, па ўспамінах відавочцаў, пайшлі на ўмацаванне пастамента Леніну, а таксама «разнесліся» па гаспадарках шматлiкiх гродзенцаў. На месцы могiлак пазней быў пабудаваны стадыён «Чырвоны Сцяг». Часткова перапахавалі парэшткі толькі падчас рэканструкцыі стадыёна ў 2000-х гадах — ды і тады без скандалу не абышлося. Пасля рэканструкцыі гродзенскай яўрэйскай абшчыне ўдалося ўсталяваць памятную шыльду на агароджы спартыўнага комплексу.

Ля абрынутага берага Гараднічанкі зноў знаходзяць яўрэйскія надмагільныя пліты
Так маглі б выглядаць яўрэйскія могілкі на сучасным стадыёне «Нёман» (праца Аляксандра Перагудава)

На месцы іншых могілак, якiя знаходзілася ў цэнтры горада, зараз аўтастаянка i дзіцячы сад па вулiцы Вялiкай Траецкай. Перапахавання ў савецкі час ніхто не рабіў, бо нашчадкі тых, хто спачывае на могілках, былі знішчаны фашыстамі ў гады халакоста. Разбурэннне могiлак пачалi яшчэ немцы падчас Другой сусветнай вайны.

У пасляваенныя гады савецкая ўлада згрэбла старыя косці, аскепкі помнікаў і зямлю, а пасля перавезлі ўсё гэта на тэрыторыю Занёманскiх яўрэйскіх могілак. Старажытныя магілы былі ператвораныя ў гару зямлі і бітага камення. Хоць Занёманскiя могілкі і зачынілі ў 1968 годзе, на іх можна ўбачыць даволі новую магілу аднаго з вязняў Гродзенскага гета — Рыгора Хасiда. Дзякуючы ўспамінам гэтага чалавека ўдалося даведацца пра жахлівыя зверствы фашыстаў на тэрыторыі Гродна.

Чытайце яшчэ: Пачалі капаць — знайшлі косткі. Што рабіць з закінутай падземнай прыбіральняй на месцы яўрэйскіх могілак

Ля абрынутага берага Гараднічанкі зноў знаходзяць яўрэйскія надмагільныя пліты
Занёманскiя яўрэйскiя могілкі - адзіныя ў Гродне. Сюды часта прыязджаюць турысты з розных краін свету, таксама сваякі пахаваных, якія не жывуць у Гродне