Вулічны музыка Аляксандр Зімін 8 жніўня атрымаў ад гарадскіх уладаў дазвол на працу ў цэнтры Гродна. У сацыяльных сетках ён выклаў той самы дакумент, які зараз павінен атрымліваць кожны музыка, калі хоча граць або спяваць на вуліцы.

Апошнім часам Аляксандр граў толькі ля гродзенскіх замкаў і цешыў там прыезджых турыстаў. Але зараз музыка захацеў граць і ў цэнтры Гродна, дзе паток людзей значна больш.

Чытайце яшчэ:  «З шапкай хадзіць не прынята». Вулічны музыка з Полацка, які аб'ехаў усю Еўропу, зазірнуў у Гродна
Для гэтага ён пайшоў у аддзел культуры гарвыканкама і атрымаў дазвол, які дае магчымасць граць на цэнтральнай вуліцы. Такі дазвол гарадскія ўлады прыдумалі, каб навесці парадак у цэнтры Гродна. Дазвол Аляксандр атрымаў без праблем.

«Прыйшоў у гарвыканкам і сказаў, што хачу граць не толькі ля замкаў, але і на Савецкай, — распавядае Аляксандр. — Ад усёй душы ўдзячны любімаму гораду, яго жыхарам і гасцям, якія з дня ў дзень галасуюць за маю музыку рублём і добрым словам, усмешкамі і цяплом».
Глядзіце, як выглядае дазвол музыкам граць на Савецкай. Яго атрымаў Аляксандр Зімін

Паважаць сябе і слухачоў

Аляксандру 40 гадоў, для яго вулічная музыка — гэта больш бізнес у сферы турызму, спосаб выжыць і асвоіць тое, чаго не было ў маладосці. Да працы ён падыходзіць сур’ёзна.

«Працаваць у цэнтры Гродна з іншымі музыкамі гатовы. Гэта мае калегі, я добра да іх стаўлюся. Хаця б палова з іх — сапраўды творчыя людзі, таленавітыя, я сам з задавальненнем кідаю ім грошыкі, — кажа Аляксандр. — Музыкі і горад? Я імкнуся адкрыта не ўмешвацца ў спрэчкі гараджан і музыкаў, але пасля вопыту з Піцера і Масквы часам робіцца сумна. Там практычна не ўбачыш на Арбаце або Неўскім людзей, якія не паважаюць ні сябе, ні слухачоў. У першую чаргу гэта датычыцца аматараў выйсці на вуліцу для заробка на выпіўку або халтуршчыкаў. Хочаш граць для людзей і мець нейкую будучыню — вучыся, працуй».

Чытайце яшчэ:  Жыхары цэнтра Гродна сабралі подпісы супраць непрафесійных музыкаў на Савецкай
Аляксандр лічыць, што маладыя музыкі, якія хочуць граць або спяваць на Савецкай, павінны глядзець шырэй, крэатывіць, шукаць новыя цікавыя вобразы, прыцягваць да сябе ўвагу не скандалам, а мастацтвам.

«Скажу, як фатограф: закінутая будоўля можа быць проста грудай бетону і цэглы, а можа быць фонам для шыкоўнай фотасесіі. Так і тут. Дзяўчо ў касусе можа быць тым жа самым», — дадаў музыка.