Падчас выходных у адным з вулічных кафэ горада невядомыя разлічыліся расійскімі рублямі. Прадавачка, атрымаўшы 200 рублёў суседняй краіны (6,27 беларускіх), выдала рэшту 195 беларускімі.
Выпадак адбыўся ў суботу 28 ліпеня, каля 15.00, калі ў цэнтры Гродна было вельмі шмат людзей — пачынаўся фестываль вулічных мастацтваў.
«Дзве жанчыны, з выгляду турысткі, замовілі ў мяне піва на 5 рублёў 50 капеек, але калі трэба было разлічвацца, то падсунулі 200 расійскіх рублёў, — расказвае прадавачка. — Я заўважыла і сказала, што гэта не нашы грошы, што такіх ніколі не бачыла. А адна з іх мне ў адказ, што гэта беларускія грошы і ёй ніхто не мяняе іх, бо буйная сума».
Пры праглядзе відэа з камеры назірання бачна, як жанчыны, якія прыйшлі з расійскімі грашыма, вельмі нерваваліся на касе і ўвесь час пазіралі ў бок камеры.
Ужо зараз прадавачка ўспамінае, што жанчыны яўна разбіраліся ў валюце, бо адна з іх яшчэ нешта купляла на 5 беларускіх рублёў.
Калі ў кафэ зразумелі, што іх падманулі, выклікалі міліцыю. Праводзіцца праверка.
УУС Гродзенскага аблвыканкама нагадвае, што за здзяйсненне незаконных аперацый у замежнай валюце прадугледжана пакаранне.