Больш паловы саджанцаў з юбілейнай алеі, пасаджанай да 40-годдзя Ленінскага раёна Гродна, на канец ліпеня засохла. Урачыстая высадка дрэваў праходзіла 25 красавіка. Было пасаджана 40 дрэваў - ліпы, бярозы, каштаны, некалькі клёнаў і дуб. Высаджвалі юбілейную алею супрацоўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна розных гадоў, а таксама школьнікі, студэнты, ветэраны і жыхары вуліцы Ліможа.

Пасадзілі і забылі. Што сталася з юбілейнай алеяй Ленінскага раёна

На стан саджанцаў мог паўплываць цэлы шэраг чыннікаў - гарачае лета, недастатковасць паліву, парушэнне тэхналогіі ці неадпаведны час для высадкі. «Калі дрэвы садзяць падчас суботнікаў, то датрымацца ўсіх правіл складана», — мяркуе кіраўнік «Гродназелянбуду» Валерый Коўш.

Сітуацыя з палівам таксама напружаная — на ўсе аб’екты зялёнага будаўніцтва ў камунальнікаў не хапае тэхнікі.

Для вырашэння праблемы, па словах Валерыя Каўша, увосень будзе праведзена абследаванне ўсіх вясновых пасадак. Па выніках спецыялісты прадпрыемства «адсадзяць» дрэвы, што не прыжыліся.

Сёлета лета было засушлівым не толькі ў Беларусі. Каб вырашыць праблемы з недахопам тэхнікі для паліву у Гамбургу і Кёльне, напрыклад, выкарыстоўвалі пажарныя вадамёты.

Пасадзілі і забылі. Што сталася з юбілейнай алеяй Ленінскага раёна