Рыбак выратаваў мужчыну, які тануў на Нёмане ля Румлёўскага маста

Фото: pvlida.by

Відавочца-рыбак 27 ліпеня выратаваў на Нёмане мужчыну, які купаўся ў забароненым месцы. Другога тонучага выратаваць не паспеў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Гродзенскую абласную арганізацыю Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах.

На стыхійным пляжы непадалёк ад Румлёўскага маста ў Гродне адпачывала кампанія. “У нейкі момант двое мужчын вырашылі выкупацца. На іх стан звярнуў увагу рыбак, які знаходзіўся на беразе. На яго папярэджанні мужчыны не адрэагавалі”, – распавялі ў Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства.

Неўзабаве рыбак заўважыў, што мужчыны сталі тануць. Ён кінуўся ў ваду, паспеў дастаць аднаго з купальшчыкаў. Выратаваць другога не паспеў. Цела ў 20 метрах ад месца здарэння 28 ліпеня выявілі вадалазы.

Чаму там не дзяжураць выратавальнікі?

Гэта ўжо другі трагічны выпадак у раёне Румлёўскага маста. Калісьці прадпрымаліся захады па стварэнні афіцыйнага пляжу, аднак з-за асаблівасцяў Нёмана, моцнай плыні ў гэтым месцы, купанне тут смяротна небяспечна.

У межах горада на рацэ дзейнічаюць тры афіцыйныя пляжы, дзе арганізавана дзяжурства выратавальнікаў – Цэнтральны, Ласосна і Пышкі.

З пачатку года ў Гродзенскай вобласці вада забрала жыцці 33 чалавек.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: