Ужо чацвёрты матч запар гродзенскі “Нёман” атрымлівае перамогу над супернікамі. Гэтым разам у 9 туры падапечныя Ігара Кавалевіча атрымалі ў Гродне мінімальную перамогу над жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ”. Адзіны гол у матчы ў канцы першага тайма забіў Віталь Квашук.
“Нёман” пачаў матч актыўна, але вось справа да ўдараў доўгі час не даходзіла – упэўнена дзейнічалі абаронцы “Тарпеда”. Госці выраўнялі гульню да 20-й хвіліны, але і ім таксама складана было падабрацца да варот “Нёмана”. Толькі ў канцы першага тайма гледачы ўбачылі па сапраўднаму небяспечны момант з голам. Гродзенцы на 38-й хвiлiне правялі паказальную атаку і адкрылі лік у матчы.
Януш прыгожа прайшоў абарону гасцей і выдаў пас на Квашука. Паўабаронца выйшаў сам-насам з варатаром “Тарпеда”, прыбраў яго на замаху і адправіў мяч у пустыя вароты.
У другім тайме “Нёман” гуляў на ўтрыманне ліку і не даваў магчымасці жодзінцам забіць. Ужо ў самым канцы матчу гродзенцы маглі павялічыць лік, але вызначыцца ў матчы больш нікому не ўдалося.
“Нёман” – Тарпеда-БелАЗ” – 1:0
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу:
“Гульня была роўная. У першым тайме была гульня за ініцыятыву. Мы першымі забілі і ў другім тайме ўжо маглі гуляць па ліку, таму і выпусцілі Лёню Ковеля, каб ён мог гуляць у свабодных зонах. У прынцыпе нашы планы ўвасобіліся ў жыццё. Віншую сваю каманду і адданых заўзятараў з перамогай. Таксама віншую з Днём пагранічніка”.
Пасля 9 тураў “Нёман” працягвае ўтрымліваць трэцяе месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 18 ачкоў. Наступны матч каманда Ігара Кавалевіча правядзе таксама ў Гродне і будзе прымаць салігорскі “Шахцёр”. Матч пройдзе 1 чэрвеня.
















