Капітан гродзенскага «Нёмана» Валерый Жукоўскі пракаментаваў перамогу сваёй каманды над жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ» у матчы 9 тура, які праходзіў у Гродне 28 мая, а таксама запрасіў заўзятараў на матч з «Шахцёрам».

«Гульня з «Тарпеда» была цяжкая. Мы паспелі забіць добры гол у першай палове. Забілі б другі, то ўсё б на поле вырашылася раней, а так барацьба доўжылася да апошняй хвіліны. Зараз у нас ёсць вынік, але, вядома, гульню трэба паляпшаць. Тут усё залежыць ад розных фактараў. Але з самааддачай і жаданнем у нас усё ў парадку.

Наперадзе ў нас «Шахцёр». Хацелася б, каб гродзенцы нас актыўна падтрымалі ў чарговы раз. Мы запрашаем усіх на стадыён і са свайго боку будзем выкладвацца на ўсе 100% і нават на 110%. Я думаю, мы дадзім бой суперніку", — сказаў Валерый Жукоўскі.

Пасля 9 тураў «Нёман» працягвае ўтрымліваць трэцяе месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 18 ачкоў. Наступны матч каманда Ігара Кавалевіча правядзе ў Гродне і будзе прымаць салігорскі «Шахцёр». Матч пройдзе 1 чэрвеня.