Сустрэча, прысвечаная позневясновым святам беларусаў пройдзе ў Цудоўні 13 мая. У чым адметнасці святаў Міколы ды Юрья у розных рэгіёнах Беларусі і як святкуюць вясну на Гарадзеншчыне, раскажа этнографка з Акадэміі навук, журналістка і вандроўніца Алена Ляшкевіч. З яе словаў, ёсць не менш за 5 прычынаў завітаць на сустрэчу.
Прычына першая, каляндарная
Вы атрымаеце ўяўленне пра структуру беларускага традыцыйнага календара, дзе ў ім пачыналася і сканчвалася вясна. Спойлер: часам зусім не адпаведна календару.
Прычына другая, культурная
Вы даведаецеся, дзе святы дасюль захоўваюцца ў жывой традыцыі і паглядзіце, як гэта адбываецца, на шматлікіх экспедыцыйных відэа і фота. Спойлер: на Гарадзеншчыне існавалі адметныя традыцыі святкавання Юр’я, яны дасюль жывыя ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна і Алена Ляшкевіч будзе пра гэта распавядаць.
Прычына трэцяя, гродзенская
Мы разам агледзім Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і высветлім, якія вясновыя святы ў яго трапілі. Спойлер: тое самае Юр’я ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна ўнесена ў Інвентар.
Прычына чацвёртая, дэтэктыўная
Можна будзе паслухаць захапляльныя гісторыі аб прыгодах святых Юр’я і Міколы, якія ў розных жанрах беларускага фальклору выступаюць разам. Спойлер: прыгоды часам нагадваюць сапраўдны дэтэктыў, са зніклымі людзьмі і стыхійнымі бядотамі.
Прычына пятая, папулярная
Магчыма, нечаканым фактам для вас стане, што святы Мікола быў нашмат больш папулярным сярод беларускіх сялян за Ісуса Хрыста.
Чаму так, і яшчэ шмат цікавостак можна будзе даведацца на лекцыі даследчыцы Алены Ляшкевіч «Позневясновыя святы: Юр’я і Мікола»
Прычына бонусная, танцавальная
Пасля лекцыі а 19.00 — адкрыюць сезон Танцы гарадзенскіх дворыкаў. Уваход вольны![irp posts="37 560″ name="Летнія танцы працягнуцца восенню. Пад Гродна пройдзе першая ноч танцаў"]