Польскі легіянер «Нёмана» Гжэгаж Пасют на ўшаноўванні каманды ў гродзенскім драмтэатры 19 красавіка распавёў журналісту Hrodna.life пра чарговае чэмпіёнства ў складзе чырвона-чорных і пра свае планы на будучыню.
Гжэгаж Пасют перайшоў у «Нёман» летам 2016 года з польскай «Краковіі». За два сезоны ў складзе гродзенцаў польскаму хакеісту ўдалося двойчы стаць чэмпіёнам Беларусі.
«Два гады запар стаць чэмпіёнамі - я гэтым вельмі задаволены. Хочацца верыць, што каманда і далей працягне выступаць у такім самым рытме. Што тычыцца апошняга сезону, то ён быў цяжэйшы за папярэдні. Нам прыйшлося правесці шмат гульняў: як у чэмпіянаце і Кубку, так і ў Лізе чэмпіёнаў. У сезоне ў гульцоў было шмат траўмаў, але мы гулялі і здолелі стаць чарговы раз чэмпіёнамі.
Дзякуй заўзятарам, якія падтрымлівалі нас на працягу ўсяго года. Яны былі з намі, калі мы прайгравалі і калі выйгравалі. Яны былі да самага канца. Мы аддзячылі ім за падтрымку і падарылі чэмпіёнства".Што тычыцца будучыні, то Гжэгаж пакуль не спяшаецца загадваць, але адзначае, што ў Гродне яго ўсё задавальняе.
«Я вельмі задаволены як камандай, так і горадам. Мне тут вельмі падабаецца і людзі тут добрыя. „Нёман“ мне даў магчымасць упершыню выступіць у Лізе чэмпіёнаў, даведацца што гэта такое. Думаю, у новым сезоне мы выступім лепш у еўракубку. У Беларусі ўзровень хакею добры, думаю, многія польскія хакеісты хацелі б тут гуляць. Але ў Польшчы ўзровень хакею ніжэй — і гэтая асноўная праблема, чаму ў Беларусі няма хакеістаў з маёй краіны».