Усе абследаванні і працэдуры даступныя адразу і без чэргаў, цэны нізкія, а ўрачы — культурныя і клапатлівыя. Гэта не фантастыка, а беларуская медыцына для замежнікаў. Палякі, якія ў межах бязвізавага рэжыму лячыліся ў Гродне, вельмі хваляць нашыя шпіталі.

Суразмоўцы сайта money.pl, якія, нягледзячы на стэрэатыпы, не пабаяліся паехаць на лячэнне ў Беларусь, вельмі радыя свайму рашэнню. Яны кажуць, што ў Гродне для іх даступны амаль усе магчымыя працэдуры і аперацыі: ад кардыяхірургіі да пластычнай. Якасць абслугоўвання — значна вышэй, чым у Польшчы.

Аперацыі - два разы танней, чым у Польшчы

Пан Мацей, жыхар адной з падляшскіх вёсак, мае да Гродна бліжэй чым да Беластока. Ён з захапленнем узгадвае, як упершыню быў з візітам у адным з гродзенскіх шпіталяў: «Я пабачыў, што адной з пацыентак рабілі МРТ страўніка. І папрасіў зрабіць тое ж і мне. Зрабілі адразу на месцы і без чакання!»

Менш чым праз гадзіну пан Мацей атрымаў вынікі і даведаўся, што ў яго грыжа і яму патрэбна аперацыя. Вырашыў прайсці яе ў Гродне.

Цана за аперацыю — 3000 злотых (1800 рублёў). Гэта ў два разы танней, чым у Польшчы. Наогул, пан Мацей заўважыў, што ў Гродне ўся медыцына прыкладна ў два разы танней.

Праз мяжу без чаргі і ў шпіталі без чаргі

Агулам пан Мацей прабыў у гродзенскіх шпіталі менш за тыдзень, а назад праз мяжу праехаў без чаргі, бо меў на руках пасведчанне, што едзе пасля аперацыі.

«Яны дбаюць пра кліента. Дактары прыходзяць, пытаюцца, ці ўсе добра. На кожнае абследаванне вядуць па-за чаргой. Я атрымаў уласную палату, усё як дома: тэлевізар, халадзільнік, чайнік. Апаратура новая, кабінеты адрамантаваныя. Нават калі вязуць на аперацыю дык чатыры разы перакладаюць з ложка ў ложак — так дбаюць пра стэрыльнасць!» — не можа надзівіцца якасці беларускай медыцыны пан Мацей.

Санаторыі да 40% танней, а якасць сусветная

Беларускую медыцыну хваліць таксама уласнік беластоцкай турфірмы Junior Яўген Лаўрэнюк, які ўжо некалькі гадоў арганізуе выезду палякаў у беларускія санаторыі. Ён кажа, што ў Беларусі можна лячыць амаль што любыя хваробы, а ўзровень санаторыяў - сусветны. А вось цэны — адпаведныя для палякаў. Дзень каштуе для ніх 130−200 злотых, гэта да 40% танней, чым у польскіх санаторыях. Пры гэтым з фірмай Junior едуць у Беларусь не толькі жыхары Падляшша, але і турысты з усёй Польшчы.

Пан Мацей, дарэчы, ужо думае як бы паляжаць яшчэ ў адным гродзенскім шпіталі - яму сказалі, што там робяць аперацыі яшчэ танней. Таму ён думае вярнуцца ў бязвізавы Гродна.