Гродзенская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа пачала збор экспанатаў для будучага міні-музея. Прадстаўнікі арганізацыі збіраюць рэчы звязаныя з рухам Чырвонага Крыжа, Чырвонага Паўмесяца і Чырвонага Крышталя.

Для музея будзе важная любая дробязь: старая сумка з эмблемай сандружыны, знак донара, значкі, дакументы і г. д. Кожны экспанат будзе ўтрымліваць апісанне з указаннем дадзеных чалавека, які падарыў яго.

«Ідэя стварыць уласны музей з’явілася ў час размовы аб тым, якія рэчы з сімволікай руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ёсць у кожнага з супрацоўнікаў дома, — распавядае прадстаўнік Чырвонага Крыжа Валерый Краеўскі. — Шукаем усё, што якім-небудзь чынам звязана з гісторыяй Чырвонага Крыжа на нашых землях і ў свеце. Гэта могуць быць розныя маркі, значкі, адзенне, дакументы, прадметы побыту і іншае. Канцэпцыю музея будзем выпрацоўваць, калі ўбачым, што ў нас будзе па экспанатах».

На сённяшні дзень у калекцыі Гродзенскага абласной арганізацыі ўжо ёсць рарытэтныя і ўнікальныя фатаграфіі, розныя дакументы і гісторыі людзей.