Дадаць навіну
Серада, 14 лістапада 2018, 17:32

Лёс Старога замка ў Гродне зацікавіў парламент і Мінкульт Польшчы

Разборка скляпенняў XVII стагоддзя на галерэі, якая злучае браму і палац. Стары замак, Гродна

Ці Міністэрства культуры і спадчыны Польшчы паспрабуе спыніць разбурэнне Старога замку ў Гродне і ці плануе ў гэтай справе звяртацца да ўладаў Беларусі? Такія пытанні накіраваў міністру культуры Пятру Гліньскаму дэпутат Сойму Роберт Тышкевіч.

Роберт Тышкевіч – дэпутат ад апазіцыйнай партыі Грамадзянская платформа (ПО), кіраўнік парламенцкай групы па справах Беларусі, даўно займаецца беларускім кірункам у палітыцы Польшчы. Ён даслаў свой запыт у Міністэрства яшчэ ў сярэдзіне лютага. Адказ прыйшоў праз месяц.

Польскія эксперты прыедуць у Беларусь?

Дэпутата і міністра хвалююць інтэнсіўныя будаўнічыя працы на тэрыторыі замку з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі. Іх таксама хвалюе тое, што аўтэнтычнасць замку аддадзена ў ахвяру амбіцыям аўтара праекта рэканструкцыі Уладзіміра Бачкова.

Міністр Пётр Гліньскі адзначае, што беларускі бок не інфармаваў палякаў пра пачатак прац. Таму міністэрства паабяцала парламентарыям, што ў межах сваіх магчымасцяў будзе старацца атрымаць інфармацыю пра планы будаўнікоў, а таксама будзе намагацца, каб польскія эксперты як мага хутчэй змаглі ацаніць асабіста аб’ём прац на тэрыторыі замку.

Чытайце яшчэ:  Галерэю Старога замку разбяруць? Пакуль толькі аварыйную частку

Шляхоў уплыву мала і яны не эфектыўныя

Міністр удакладніў, што асноўным ды адзіным фармальным месцам дыялогу па справах спадчыны з’яўляецца Польска-Беларуская Кансультацыйная Камісія, але яна не мае асаблівых кампетэнцый і можа толькі даваць парады. Міністр паабяцаў, што тэму Старога замку абавязкова ўключаць у павестку чарговага пасяджэння Камісіі ў 2018 годзе.

Міністр таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі пытанні спадчыны могуць быць палітычна матываваныя, таму меркаванне замежных спецыялістаў, нават высокага класу, можа быць у выніку і так праігнаравана.


Маштабныя работы на тэрыторыі замка пачаліся восенню 2017 года. За аснову рэканструкцыі ўзяты замак часоў караля Стэфана Баторыя. Эскізны праект распрацаваў мінскі архітэктар Уладзімір Бачкоў, які ў 80−90-я гады мінулага стагоддзя ўжо займаўся перадпраектнымі даследаваннямі. Падчас рэканструкцыі галоўным архітэктарам праекта стаў Алег Шымбарэцкі з «Гроднаграмадзянпраекта».

Зараз ідзе першая чарга рэканструкцыі. Яе завершаць не раней 2020 года. Спачатку рэканструююць браму, галерэю паміж імі і палацам, а таксама вежу. Другая чарга — рэстаўрацыя палаца, трэцяя — сцены над Нёманам і ўнутраны двор. У выніку замак павінен выглядаць так, як у часы Стэфана Баторыя.

Праект Бачкова ўспрымаецца неадназначна, некаторыя даследчыкі называюць яго фантазійным і шкодным.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: