Дадаць навіну
Аўторак, 24 красавіка 2018, 13:07

Галерэю Старога замку разбяруць? Пакуль толькі аварыйную частку

Будаўнікі прыступілі да разборкі галерэі ў Старым замку. Канструкцыю разбяруць часткова, а страчаныя часткі ў будучыні могуць аднавіць.

Мураваная галерэя са скляпеннямі - адзіны захаваны ўчастак ад колішняга працяглага калідора, які вёў з каралеўскіх апартаментаў на другім паверсе палаца ў капліцу на браме і лазню ў вежы «над Нёманам». Тут ёсць і арыгінальныя акенцы канца XVI ст. і старыя скляпенні другой паловы XVII ст.

Ва Упраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры распавялі Hrodna. life, што яны далі рэкамендацыі мясцовым праекціроўшчыкам і архітэктарам па захаванні галерэі і разборцы толькі аварыйных яе частак.

«Мы па максімуму стараемся ўсё захаваць у Старым замку, галерэю ў тым ліку. Важна, каб у будучыні канструкцыя вытрымала. Менавіта таму мы далі рэкамендацыі мясцовым праекціроўшчыкам і архітэктарам па захаванні галерэі і разборцы толькі аварыйнай яе часткі. Усе моманты рэканструкцыі вырашаюцца разам, мы заўсёды шукаем кампраміс. Усе рашэнні прымаюцца для кожнай часткі будынка менавіта ў момант яе рамонту», — распавяла начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка.


Маштабныя работы на тэрыторыі замка пачаліся восенню 2017 года. За аснову рэканструкцыі ўзяты замак часоў караля Стэфана Баторыя. Эскізны праект распрацаваў мінскі архітэктар Уладзімір Бачкоў, які ў 80−90-я гады мінулага стагоддзя ўжо займаўся перадпраектнымі даследаваннямі. Падчас рэканструкцыі галоўным архітэктарам праекта стаў Алег Шымбарэцкі з «Гроднаграмадзянпраекта».

Зараз ідзе першая чарга рэканструкцыі. Яе завершаць не раней 2020 года. Спачатку рэканструююць браму, галерэю паміж імі і палацам, а таксама вежу. Другая чарга — рэстаўрацыя палаца, трэцяя — сцены над Нёманам і ўнутраны двор. У выніку замак павінен выглядаць так, як у часы Стэфана Баторыя.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: