Гродзенскія вулічныя мастакі ўжо другі дзень працуюць на падпорнай сцяне пад Новым замкам. Пры добрым надвор'і там да канца красавіка зноў з’явіцца панарама Гродна.
У 2015 годзе ля падножжа Новага замка з’явілася вялікая выява старога горада. Але з часам малюнак пачаў трэскацца, цэлыя кавалкі пачалі адвальвацца.
У 2017 годзе выяву прыбралі. Рабочыя залаталі шчыліны і зрабілі ліўнёўку, каб вада не злівалася ў будучыні на новы малюнак. Усю сцяну зацягнулі будаўнічай сеткай і нанова замазалі. 14 красавіка 2018 года мастакі пачалі аднаўляць малюнак на чыстай сцяне.Уласна змест малюнка гарадскія ўлады вырашылі не змяняць. Эскіз яшчэ ў 2015 годзе быў узгоднены з Гродзенскім абласным мастацка-экспертным саветам па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве
«Мы крыху зменім колер, зробім выгляд пад даўніну, — распавядае мастак Аляксандр. — Сцяну быццам бы падрыхтавалі, але ўсё роўна ёсць невялікія праблемы, паглядзім колькі пратрымаецца новы малюнак. Пры добрым надвор'і мы можам узнавіць гравюру ўсяго за тыдзень».
Фарбу і лесвіцы для мастакоў забяспечылі гарадскія службы.