У 2018 годзе вуліцу Дзяржынскага чакае невялікая рэканструкцыя на ўчастку ад вуліцы Брыкеля да вуліцы Курчатава. Там пашыраць праезную частку.
– Ушыраць праезную частку на ўчастку ад Курчатава да павароту на “Водаканал”. Работы будуць праводзіць зацікаўленыя арганізацыі. Парадую гродзенцаў, вернецца прыпынак у раёне “аптэчны склад”, праўда яго трохі змясцяць. Будзе рэгуляваны пешаходны пераход ад “мінірынку Дзевятоўка” да гэтага прыпынку, – расказаў начальнік Гродзенскай ДАІ Уладзімір Назарка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 4”.
Таксама ён нагадаў, што у 2018 годзе ўсталююць два святлафоры на Горкага ля кальцавой развязкі. Яшчэ адзін святлафор з’явіцца да пачатку навучальнага года на вуліцы Паповіча. На вуліцы Суворава ў раёне “Гроднажылбуда” таксама ўсталююць святлафор.
У гэтым годзе на трасе М6 установяць 8 стацыянарных датчыкаў кантролю хуткасці. Усе яны будуць працаваць паблізу пешаходных пераходаў.