«Нёман» не здолеў абыграць «Юнацтва» ў пятым фінальным матчы чэмпіянату Беларусі, які праходзіў у Гродне 4 красавіка. Сустрэча скончылася 3:1 на карысць мінскай каманды.

Перапоўненая гродзенская арэна чакала ў гэты дзень чарговага чэмпіёнства ад «Нёмана». Камандзе Сяргея Пушкова патрэбна была ўсяго адна перамога для залатых медалёў. Але чэмпіёнскай гульні ад сваёй улюбёнай каманды гродзенцы так і не ўбачылі.

На працягу ўсяго матчу «Нёман» быў у пошуках сваёй гульні. Наперадзе ў чырвона-чорных амаль нічога не атрымлівалася. Госці тым часам гулялі ў абарончы хакей і час ад часу выязджалі ў контратакі, якія заканчваліся ўзяццямі варот.

Мінчане адкрылі лік на 15-й хвіліне і падвоілі перавагу ў самай сярэдзіне другога перыяду. Гродзенцы зайгралі ў актыўны хакей толькі за 5 хвілін да канца трэцяга перыяду. Пасля шматлікіх кідкоў па варотах Мільчакова «Нёману» ўсё ж удалося размачыць лік у матчы. За 2 хвіліны ла канца інтрыгу ў гульню ўнёс Стэфановіч.

Амаль за хвіліну да сірэны Пушкоў узяў таймаўт, а пасля зняў Труса. Але нават шосты гулец не дапамог стварыць пагрозу ля варот «Юнацтва». Госці за 7 секунд да сірэны забіваюць сваю трэцюю шайбу і здымаюць усе пытанні ў матчы.

«Нёман» — «Юнацтва» 1:3 (0:1, 0:1, 1:1)

галы:
14.10 0:1 — Казакевіч (Скачкоў, Корса)
30.36 0:2 — Яфіменка (Корса, Туркін)
57.49 1:2 — Стэфановіч (Жыдкіх, Багданоўскі)
59.53 1:3 — Скачкоў (П.В.)

Лік у серыі (да 4-х перамог): «Нёман» — «Юнацтва» 3:2

Чарговы матч серыі пройдзе ў Мiнску 6 красавiка.