Футбол ва ўсім свеце — найперш бізнес, пабудаваны на прынцыпе «купіць-прадаць». Менавіта з гэтага пункту гледжання рэдакцыя Hrodna.Life напярэдадні чарговага футбольнага сезона вырашыла ацаніць патэнцыял гарадзенскага «Нёмана».
Беларускі футбольны бізнес бізнесам назваць можна толькі з высокай доляй умоўнасці. За вельмі рэдкім выключэннем каманды трымаюцца найперш на дзяржаўных датацыях (у адкрытай альбо прыхаванай форме).
На чым зарабляюць у беларускім футболе?
Адкінем «дамоўныя гульні», звязаныя са стаўкамі на таталізатары і пагаворым толькі пра легальныя крыніцы.
1. Квіткі на футбол
З улікам слабой цікавасці беларусаў да свайго чэмпіянату (да прыкладу, гульні «Нёмана» летась наведала 58 тыс чалавек (у сярэднім 2 тыс гледачоў за гульню), спадзявацца на тое, што бюджэт каманды істотна папоўніцца за кошт заўзятараў, не выпадае.
2. Тэлетрансляцыі
На тэлетрансляцыях беларускія каманды таксама нічога не зарабляюць.
3. Удзел у еўракубкавых турнірах
Тут сапраўды можна зарабіць пры добрым раскладзе пару сотняў тысяч еўра, але для гэтага трэба займаць стабільна высокія месцы (пажадана не ніжэй за 3-е) альбо выйграваць Кубак краіны, што не самым багатым камандам (як «Нёман») зрабіць цяжка. Аднак сёлета, мяркуючы па сабраным складзе і стаўцы на дасведчаных футбалістаў, каманда Ігара Кавалевіча гатовая паспрабаваць!
4. Продаж футбалістаў каманды ў больш багатыя клубы.
Выхаваць, а затым удала прадаць — так выглядае бізнес-мадэль большасці футбольных дружын свету.
Зазірнем у гісторыю і паглядзім, наколькі ўдала «Нёман» гандляваў сваімі «жывымі актывамі».
Закрытасць фінансавай дзейнасці беларускага спорту не дазваляе мець пад рукамі поўную і дакладную інфармацыю пра тое, колькі клубы зарабляць на продажы сваіх спарцменаў.
Таму мы скарысталіся адкрытымі звесткамі з нямецкага сайту Трансфермаркт, які адсочвае і публікуе такія звесткі.
Як бачым, нядаўні пераезд Савіцкага ў Брэст прынёс камандзе найбуйнейшую ў яе гісторыі суму. Пры гэтым яго новая каманда яўна разлічвае на тое, што зможа перапрадаць Паўла ў іншы клуб за куды большыя грошы.
Колькі каштуе «Нёман» сёння?
Той жа Трасфермаркт ацэньвае сумарны рынкавы кошт гарадзенскіх футбалістаў у 3,45 млн еўра. Мы параўналі гэтую лічбу з коштам некаторых іншых клубаў, дадаўшы дзеля разнастайнасці кошт аднаго з найлепшых футбалістаў свету.
Хто можа стаць Савіцкім-2?
Пасля продажу Паўла Савіцкага ў «Нёмане» не засталося гульцоў, за якімі ўжо сёння стаяць чэргі патэнцыйных пакупнікоў. Мы, аднак, склалі сваю ТОП-5 гульцоў, на якіх «Нёман» у блізкай перспектыве можа хоць што падзарабіць.
У гэтым спісе не будзе некаторых наймацнейшых гульцоў каманды (як Вячаслаў Глеб, Арцём Канцавы, Леанід Ковель, Мікалай Януш, Бебе), бо ўсім ім ўжо за 30, што непазбежна зніжае шансы на ўдалы перапродаж. Таму зробім стаўку на маладых і на тых, хто зараз знаходзіцца ў самым залатым футбольным ўзросце.
Андрэй Якімаў, 28 гадоў. У мінулым годзе паўабаронца быў адным з лідэраў каманды.
За сезон у 29 гульнях забіў 7 галоў (большасць — магутнымі ўдарамі здалёк).
Трансфермаркт ацэньвае кошт Якімава ў 300 тыс еўра, аднак нават продаж Андрэя ў іншую каманду за 50 тыс можна будзе лічыць поспехам менеджмента клуба.
Хто можа купіць? Адзін з лідэраў чэмпіянату Беларусі альбо клуб з Казахстана.
Жан Патрык Абуна Ндзана, 27 гадоў.
На рахунку гэтага ўніверсальнага абаронцы 8 гульняў у складзе зборнай Камеруна (між іншым, каманды-уладальніцы апошняга Кубка Афрыкі) і ўдалы мінулы сезон у складзе гарадзенцаў. Футбаліст таксама ацэньваецца ў 300 тыс еўра, але і ў гэтым выпадку можна спадзявацца атрымаць за «легіянера» не больш за 50 тыс.
Хто можа купіць? Клубы-сярэднякі з чэмпіянатаў Грэцыі, Кіпра альбо Польшчы.
Гіоргі Кантарыя, 20 год. Адкрыццё мінулага сезона. Са старту заняў месца ў цэнтры абароны і надзейна адгуляў на ім у большасці гульняў.
У актыў футбаліста можна залічыць гульні за моладзевую зборную Грузіі. Трансфермаркт дае за гульца 150 тыс еўра. Наш прагноз — пры добрым раскладзе за Гіоргія можна атрымаць 50−80 тыс. еўра.
Хто можа купіць? Адзін з лідэраў чэмпіянату Беларусі, каманды з Турцыі, Ізраіля, ніжэйшых ліг Германіі альбо Галандыі.
Ягор Хвалько, 21 год. Яшчэ адзін цэнтральны абаронца.
Гулец моладзевай зборнай Беларусі. Добра пачаў мінулы сезон, але ў канцы крыху «здаў».
Трасфермаркт дае за футбаліста 100 тыс еўра. Наш кошт — 30 тыс у выпадку добрай гульні ў сезоне.
Хто можа купіць? Адзін з лідэраў чэмпіянату Беларусі альбо з расійскай першай лігі.
Максім Яблонскі, 21 год.
У другой палове мінулага сезона добра праявіў сябе на фланзе ў абароне і паўабароне.
Рынкавы кошт — таксама 100 тыс еўра. Наш прагноз — 20 тыс.
Хто можа купіць? Каманда з чэмпіянату Казахстана альбо з расійскай першай лігі.
Хто яшчэ мог бы быць у гэтым спісе?
Найперш выхаванцы клуба, якія раздадзеныя зараз у арэнду іншым клубам: брамнік Васілючэк, гульцы лініі атакі Забелін і Сенкевіч.
Для гэтага, аднак, трэба было б даць шанс хлопцам загуляць у асноўным складзе «Нёмана», але Ігар Кавалевіч пакуль у патэнцыял гэтых гульцоў і не надта верыць.
Патэнцыйна добрым трансферным «таварам» могуць стаць сёлетнія дэбютанты каманды — украінец Квашук, беларус Лукашэвіч і француз Мукам, але іх перспектывы больш прадметна ацэнім ужо пасля першых матчаў сёлетняга сезону.
Ужо 11 сакавіка «Нёман» згуляе матч на Кубак Беларусі са сталічнымі «Крумкачамі».