Кіроўца гродзенскага аўтапарка Мікалай Мурач дамогся праз суд, каб яго звольнілі з працы паводле яго заявы, а не так, як хацеў наймальнік — не працягнуўшы кантракт, піша «<Радыё С**бода».

Падчас судовага паседжання наймальнік прапаноўваў кіроўцу вярнуцца на працу, але ён адмовіўся. Цяпер у працоўнай кніжцы Мікалая Мурача мае з’явіцца новы запіс аб ягоным звальненні з аднае і тае ж працы: замест звальнення «з прычыны заканчэння кантракту» — «звольніць за парушэнне наймальнікам умоваў дамовы і з выплатай трох сярэднямесячных акладаў».

Пісаў скаргі — не працягнулі кантракт

Былы кіроўца гродзенскага аўтапарку Мікалай Мурач падаў у суд на адміністрацыю пасля таго, як яму без прычыны не працягнулі кантракт на працы.

У судовым працэсе выказаў версію, што кантракт яму не падоўжылі таму, што ўдзельнічаў у зборы подпісаў кіроўцаў аўтапарку пад скаргамі ў адміністрацыю Лукашэнкі і да мясцовых уладаў пасля таго, як адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосце праз Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў з яго і скочыў з моста ў раку.

У лістах да чыноўнікаў кіроўцы скардзіліся на перапрацоўкі, малыя заробкі, на цяжкія ўмовы працы. Тлумачылі, што такое жыццё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.

«Пасля таго, як выявілі, што я займаюся зборам подпісаў пад скаргамі, адразу атрымаў паведамленне ад адміністрацыі, што мне не падаўжаюць на наступны год кантракт без тлумачэнняў. Літаральна праз некалькі дзён я напісаў заяву, каб мяне звольнілі з прычыны таго, што наймальнік парушаў умовы працоўнай дамовы, і прывёў канкрэтныя прыклады парушэнняў. На што мне камісія па працоўных спрэчках ААТ „Аўтобусны парк г. Гродна“ пісьмова адказала, што ўмовы кантракту наймальнікам выконваліся. А адміністрацыя адразу паведаміла, з якой даты я ўжо не працую. Тады я вырашыў падаць у суд».

[irp posts="42 648″ name="Адміністрацыя таго самага аўтапарку выклікае на размовы кіроўцаў, якія пісалі ліст прэзідэнту"]

500 гадзін перапрацоўкі за год

У судовым паседжанні спадар Мікалай выказаў сваю прававую пазіцыю па 16 пунктах, якія, паводле яго, сведчаць аб парушэнні наймальнікам умоваў кантракту. Адзін з найбольш яскравых пунктаў той, у якім гаворыцца, што Мурач меў больш за 500 гадзін перапрацоўкі на год і яму не далі належнага адпачынку.

«І гэта ў той час, — канстатаваў Мурач, — калі заканадаўствам дапускаецца не больш як 180 гадзін перапрацоўкі за год».

Факт задакументаваны, суду перададзеныя графікі працы і табелі ўліку працоўнага часу. Мурач цытаваў закон, паводле якога «замена грашовай кампенсацыяй адпачынкаў, дадатковых адпачынкаў за працу са шкоднымі альбо небяспечнымі ўмовамі працы і за асаблівы характар працы не дапускаецца».

Кіроўца прыводзіў прыклады, калі ён прыцягваўся да работ у тэхнічным абслугоўванні транспарту, але пры гэтым не забяспечваўся спецвопраткай, мыйнымі сродкамі, што, паводле яго, таксама з’яўляецца парушэннем кантракту. І так яшчэ па 14 пунктах са спасылкамі на кантракт і дзейнае заканадаўства.

«Перапрацоўка не лічыцца злосным парушэннем кантракту»

Прадстаўніца адказчыка, юрыстка гродзенскага аўтапарку, на 16 пунктаў парушэння ўмоваў кантракта адказвала, што Мурач пры прыёме на працу на працягу трохмесячнага выпрабавальнага тэрміну бачыў, на якую працу ён ідзе. А праца гэтая, паводле яе, сацыяльна значная — перавозкі пасажыраў.

Яна настойвала на тым, што праца звышурочна адбывалася са згоды самога Мурача, і за гэта ён атрымліваў дадатковую аплату. Усе яе довады зводзіліся да таго, што вышэйпералічаныя 16 пунктаў, якія сведчаць аб парушэнні працоўнага заканадаўства, не з’яўляюцца істотнымі.

Урэшце аказалася, што Мікалай можа вярнуцца на працу

​Амаль на кожным судовым паседжанні судздзя звяртаўся да бакоў канфлікту з прапановай разысціся мірным шляхам, але аж да апошняга паседжання яны на гэта не рэагавалі.

І раптам ужо перад вынясеннем судовага рашэння юрыст аўтапарка заявіла, што, паразмаўляўшы з дырэктарам, яны вырашылі працягнуць спадару Мікалаю кантракт на далейшую працу, і прапанавала яму вярнуцца ў калектыў.

«Уяўляеце, дырэктар сказаў, што я быў нядрэнным кіроўцам, спраўляўся з працай і магу вярнуцца назад. Мяне, папраўдзе, гэта ўразіла. І ўразіла найбольш тое, як высокія начальнікі сёння могуць не працягнуць кантракт, нічога не тлумачачы, а заўтра сказаць, што быў добрым кіроўцам і можаш працаваць далей. Гэта не проста цынізм. У аўтапарк я больш не вярнуся, бо там сапсаваная атмасфера для працы», — кажа спадар Мікалай.

Вялікім здзіўленьнем для Мурача стала тое, што да яго патэлефанаваў сам дырэктар аўтапарка і папрасіў сустрэцца. Мікалай кажа, што адмовіўся ад сустрэчы, паколькі не бачыць у ёй сэнсу. Больш за тое, ён знайшоў іншую працу і не збіраецца вяртацца назад.

Ёсць прэцэдэнт, але ці іншыя захочуць судзіцца?

Паводле Мурача, рашэньне суду ў пэўным сэнсе стварыла прэцэдэнт, паколькі некаторыя з кіроўцаў, адчуўшы да сябе такое ж стаўленне з боку адміністрацыі, пачалі самі пісаць заявы на звальненне, а некаторым адмовілі ў працягненні кантракту. Цяпер, пасля судовага рашэння, на думку спадара Мікалая, у суд могуць падаць і іншыя ягоныя калегі.

«Я асабіста вырашыў ісці да канца з тае прычыны, што лічу сябе чалавекам і не хачу, каб са мной абыходзіліся, як ім захочацца. У нашай краіне ёсць закон, ёсць Канстытуцыя, і я таксама маю правы, а не толькі абавязкі», — сказаў пасля вынясеньня рашэння Мікалай Мурач.

Гэта ўжо другі суд работніка гродзенскага аўтапарка, звольненага пасля канфліктнай сітуацыі з адміністрацыяй. У першым выпадку работніку таксама змянілі запіс у працоўнай кніжцы, праўда, рашэнне было прынята па дамоўленасці бакоў і ўжо па-за судовым паседжаньнем.