У чацвер 1 лютага, напярэдадні гадавіны смерці Віктара Саяпіна, у абласной навуковай бібліятэцы прайшоў вечар памяці вядомага краязнаўцы. На ім прэзентавалі альбом са здымкамі Саяпіна і іншых гродзенцаў.

Тут сабраліся тыя, хто ведаў асабіста Віктара Юр’евіча, а таксама тыя, хто быў знаёмы з яго творчасцю і кнігамі, якіх выйшла больш за 20. Успомніць краязнаўцу прыйшло столькі чалавек, што ўсім не хапала месца ў зале — даводзілася стаяць у калідоры. Менавіта так праходзілі прэзентацыі кніг i пры жыццi Саяпіна.

«Мы ўсе захапляемся той спадчынай, якую пакінуў нам Віктар Юр’евіч. Ён быў вялікім працаўніком, шмат часу праводзіў у архіве: знаёміўся з тым, як жылі гродзенцы, дзе працавалі, як праводзілі вольны час, дзе вучыліся і г. д. Сабраным матэрыялам Віктар Юр’евіч заўсёды ахвотна дзяліўся», — такімі словамі пачала вечар рэдактарка выдавецтва «ЮрСаПрынт» Марына Шапялевіч.

Аддаўся гораду цалкам

Усё жыццё Віктар Саяпін прысвяціў роднаму гораду. Яшчэ ў школьныя гады ён пачаў фармаваць калекцыю пра Гродна — выразаў газетныя і часопісныя публікацыі, збіраў буклеты і паштоўкі. У юнацтве ён шмат фатаграфаваў. У сталым узросце Віктар Юр’евіч узяўся за сур’ёзныя пошукі ў бібліятэках.

Пасля выхаду на пенсію Віктар Юр’евіч стаў хадзіць у архівы як на працу. Хадзіў ён туды з адзінай мэтай — даведацца больш пра Гродна і гродзенцаў.

«Нам усім пашчасціла»

Віктар Саяпін быў мытнікам, як і яго продкі. Прапрацаваў на мытні 25 гадоў, прайшоўшы шлях ад інспектара да намесніка начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Неаднаразова быў прадстаўлены да высокіх дзяржаўных узнагарод.

Менавіта таму на вечар памяці прыйшлі і прадстаўнікі мытні - калегі Віктара Юр’евіча. Сваімі ўспамінамі падзяліўся намеснік начальніка мытнага паста «Прывалка» Віктар Гурэеў.

«Мне пашчасціла працаваць з Віктарам Юр’евічам, як і шматлікім маладым супрацоўнікам, якія распачалі службу ў Савецкім саюзе. Я вучыўся ў яго, ён для нас — мытнік савецкай загартоўкі, са знакам якасці. Ён быў прафесіяналам і надзвычай уважлівым да сваіх супрацоўнікаў. Ён ўсіх заўсёды мог выслухаць і зразумець. Для мытнікаў, якія прыязджалі ў Гродна, наш краязнаўца заўсёды вадзіў экскурсіі. Потым яны казалі, што ім пашчасціла пазнаёміцца ​​з горадам, дзякуючы Віктару Саяпіну. Нам усім пашчасціла».

Зала поўная, як і пры жыцці. У Гродне прайшоў вечар памяці Віктара Саяпіна
Успамінамі дзелiцца намеснік начальніка мытнага паста «Прывалка» Віктар Гурэеў

У Гродне будзе вуліца Саяпіна

Гісторык Ігар Трусаў, які быў сябрам Віктара Саяпіна, адзначыў, што не выключана, што ў найбліжэйшай будучыні ў горадзе з’явіцца вуліца Саяпіна.

«На тапанімічнай камісіі мы ўжо абмяркоўвалі гэтае пытанне. Хочацца, каб вуліца нашага краязнаўцы была не кароценькая, дзесьцi ў Баранавічах, а ў добрым і годным месцы. Камісія запісала ў сябе ў пратаколе і адзначыла, што вуліца Саяпіна ў Гродне будзе, як толькі знойдзецца адпаведнае месца».

Усе выдаць не паспеў

Нечакана для многіх, хвароба забрала Віктара Саяпіна хутка і не дала скончыць пачатыя справы. Краязнаўца не паспеў выпусціць адну з найважнейшых кніг па гісторыі гродзенскіх вуліц, інфармацыю для якой ён збіраў шмат гадоў. Рукапісы для гэтай кнігі сёння ў былога рэдактара «Гродзенскай праўды» Паўла Сухарукава, які абяцаў вырашыць пытанне з кнігай у бліжэйшы час.

На памятным вечары калега і сябар Віктара Саяпіна Аляксандр Рыжы, дырэктар выдавецтва «ЮрСаПрынт», распавёў, што незадоўга да смерці краязнаўца разам з гісторыкам Андрэем Вашкевічам падрыхтавалі кнігу пра гродзенскі лікёра-гарэлачны завод, але не здолелі яе выпусцiць, бо прадпрыемства, для якога рыхтавалі выданне, апынулася неплацежаздольным. Рукапісы з фотаздымкамі ўсё яшчэ ў выдавецтве.

Фотаальбом памяці Саяпіна

«Шмат усяго цікавага мы з Віктарам Юр’евічам выдалі. Яго кнігі лічацца самымі папулярнымі ў нас. Фотаальбом, які мы прэзентавалi на гэтым вечары, гэта наша задумка з 2013 года. Калі я яго рыхтаваў, то для сябе ставіў мэту зрабіць яго прыгожым і экскурсійным, што ў выніку і атрымалася. У альбоме выкарыстаны тыя ўнікальныя здымкi Віктара Юр’евіча, якія можна доўга разглядаць. Гэты фотаальбом прысвячаецца яго памяці», — распавёў Аляксандр Рыжы.

Зала поўная, як і пры жыцці. У Гродне прайшоў вечар памяці Віктара Саяпіна
Фотаальбом можна купіць у выдавецтве «ЮрСаПрынт», а фатаграфіі са зборніка можна будзе ўбачыць у бліжэйшы час на сайце oldgrodno.by


Реклама

Предприниматели всего мира успели убедиться в том, что покупка франшизы — это эффективный метод достижения успеха в краткосрочной перспективе. Прибыльная и уже работающая схема бизнеса обеспечит высокий порог безопасности для инвестиций. Франшизы 2017 года можно найти в каталогах на просторах сети интернет. Сделать правильный выбор поможет бизнес-форум, где можно напрямую задавать вопросы франчайзерам и обсуждать конкретное предложение. Будьте внимательны на этапе поиска оптимального объекта для вложений.