Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы, Сінод БПЦ ухваліў прапанову архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя пра рэструктурызацыю Слонімскага жаночага духоўнага вучылішча шляхам яго далучэння да Мінскай духоўнай семінарыі, піша «Слонімскі веснік».
Пра гэта было паведамлена 3 студзеня на паседжанні Вучонага савета, які прайшоў у Мінскай духоўнай семінарыі. Дзейнасць Слонімскага духоўнага вучылішча як юрыдычнай асобы будзе спыненая, адбудзецца ўключэнне рэгенцкага і іканапіснага аддзяленняў Слонімскага духоўнага вучылішча ў склад Мінскай духоўнай семінарыі, скасаванне катэхізатарскага аддзялення вучылішча і перавод яго навучэнцаў на Багаслоўска-педагагічнае аддзяленне Мінскай духоўнай семінарыі. Адпаведныя змены будуць унесены ў Статут Мінскай духоўнай семінарыі.
Рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы агульнае кіраўніцтва працэсам рэструктурызацыі Слонімскага духоўнага вучылішча даручана архіепіскапу Навагрудскаму і Слонімскаму Гурыю.