Плануецца, што ўжо з 22 студзеня футбалісты «Нёмана» пачнуць праходзіць медагляд, а ўжо пасля пачнуць трэніравацца. Верагодней за ўсё, уся перадсезонная падрыхтоўка ў каманды Ігара Кавалевiча пройдзе ў Гродне.

Пакуль вядома, што «Нёман» правядзе першы збор менавiта ў Гродне. Для падрыхтоўкі футбалістаў да сезону тут створаны ўсе ўмовы. Яшчэ ў пачатку мінулага года быў адкрыты футбольны манеж, дзе можна займацца круглы год. Таксама ў канцы 2017 года ў Каложскім парку было адкрыта поле са штучным газонам, дзе таксама могуць трэніравацца гродзенскія футбалісты.

Ужо вядома, што да «Нёмана» на першы збор прыедуць дзве каманды з бліжэйшых краін: літоўскі «Тракай» (Д1) i польскi клуб «Вігры"(Д2) з Сувалак. Матчы пройдуць у футбольным манежы.

Што да складу «Нёмана», то за перыяд адпачынку сур’ёзных зменаў ён пакуль не пацярпеў. Адзіныя страты — пераход капітана Паўла Савіцкага ў «Дынама-Брэст» і завяршэнне кар’еры футбаліста ў Дзмітрыя Кавалёнка.

[irp posts="45 971″ name=" Нёман" не збіраўся адпускаць Савіцкага проста так. Клуб патрабуе вялікую кампенсацыю за пераход лідара"]

[irp posts="41 359″ name=" Я закахаўся ў Гродна і ў каманду з першай хвіліны". Дзмітрый Кавалёнак завяршыў кар’еру футбаліста"]

Яшчэ раней старшыня «Нёмана» Іван Варсовiч распавядаў, што галоўнае для каманды — захаваць склад практычна без змен. Таксама варта адзначыць, што ў Гродна вярнулася шмат маладых футбалістаў, якія былі аддадзены ў мінулым сезоне ў арэнду. Камусьцi з гэтых гульцоў, напэўна, Кавалевіч дасць шанец сябе праявіць у «Нёмане». Ну і традыцыйна гродзенская каманда будзе запрашаць на прагляд новых гульцоў, вось толькі якіх, пакуль яшчэ невядома.