У Гродзенскай вобласці вызначыліся з прыярытэтамі і рыхтуюцца да мадэрнізацыі вёскі, піша «Звязда». Уладзімір Краўцоў адказаў на пытанні журналістаў падчас выніковай прэс-канферэнцыі.

Інвестыцыі: ад АЭС да беконнай свініны

Самым значным праектам не толькі рэгіёна, але і ўсёй краіны, з’яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Гэты год шмат у чым тут вызначальны: працы будуць весціся па мантажы, каб падрыхтаваць да пуску ў 2019 годзе першы энергаблок.

Другім па важнасці аб’ектам Уладзімір Краўцоў назваў рэканструкцыю ўчасткаў трасы М-6 «Гродна — Мінск» і да мяжы з Польшчай. У гэтым годзе магістраль дабудуюць, каб падрыхтаваць яе да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Значныя сродкі ўкладваюць у флагманы эканомікі - ААТ «Гродна Азот» і Лідскую «Лакафарбу». Гэта дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі і павялічыць экспарт. У 2018 годзе працягнуць вызначаць заказчыка і крыніцы фінансавання новага азотнага завода. На яго будаўніцтва патрэбен 1 млрд долараў.

Сярод значных праектаў з удзелам замежных інвестыцый можна назваць вытворчасць мяса індычкі і дацкай беконнай свініны, лагістычны цэнтр у пункце пропуску Брузгі, завод медпрэпаратаў у Скідзелі, замежнае прадпрыемства «Кронаспан» у Смаргоні і іншыя.

[irp posts="45 487″ name=" Кронаспан" падабраўся пад Гродна: у вёсцы Новая Гожа прадпрыемства ўзяла ўчастак пад вытворчасць"]

Аграрны сектар: рэкорды і надзеі

Нават у леташні «мокры» сезон на Гродзеншчыне атрымалі высокі, а па некаторых пазіцыях — рэкордны, ураджай. Гэта звязана з высокай тэхналагічнай дысцыплінай, упэўнены Уладзімір Краўцоў. І хоць многія паказчыкі самыя высокія ў краіне, у вобласці ёсць патэнцыял, каб павысіць сярэднюю ўраджайнасць у паўтара разы, паведаміў кіраўнік рэгіёну.

Гэта датычыцца і жывёлагадоўлі. У Гродзенскай вобласці распрацавана праграма па мадэрнізацыі комплексаў і пазбаўленні ад старых, нерэнтабельных ферм. Робіцца акцэнт на птушкагадоўлю.

Навука: эфект для эканомікі

У Гродзенскай вобласці робяць акцэнт на ўніверсітэцкую і прыкладную навуку. У даследаваннях задзейнічана больш за 300 чалавек, асноўнай крыніцай фінансавання з’яўляецца бюджэт.

Многія праекты накіраваны на распрацоўку новых прамысловых тэхналогій. Такім чынам з’явілася вытворчасць па вырошчванні нелінейна-аптычных крышталяў на заводзе «Оптык», занальны інстытут раслінаводства рэалізуе праект па тэхналогіі вырошчвання бульбы. Цікавую распрацоўку ўкаранілі навукоўцы аграрнага ўніверсітэта ў ДНК-лабараторыі. Пакуль гэта адзіны ў краіне профіль па геномным аналізе жывёл, які акрэдытаваны ў краінах ЕС і прыносіць фінансавую аддачу.

Рэаліі і планы сацыялкі

Бюджэт рэгіёну захоўвае сацыяльную накіраванасць. Больш за 70% выдаткаў прыпадае на гэтую сферу. Забудова новых мікрараёнаў патрабуе інфраструктуры. І яна ствараецца, адзначыў Уладзімір Краўцоў. У 2017 годзе здадзена амбулаторыя ў Гальшанах, паліклініка на 650 наведванняў у Гродна, будуецца бальніца ў Астраўцы. Пакуль не вырашылася пытанне па анкацэнтру — ідзе пошук крыніц фінансавання.

Уладзімір Краўцоў паабяцаў, што ў гэтым годзе нарэшце дабужуюць і адкрыюць філармонію. Таксама 1 млн рублёў у 2018-м вобласць выдзеліць на будаўніцтва 10 станцый абезжалезвання вады.

[irp posts="45 349″ name="На Вiшняўцы адкрылі паліклініку, якую жыхары чакалі шмат гадоў"]

[irp posts="45 338″ name="10 станцый абезжалезвання вады пабудуюць на Гродзеншчыне"]