У Гродзенскай вобласці ў 2018 годзе плануюць пабудаваць 10 станцый абезжалезвання вады, расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, піша БЕЛТА.

Праблема якасці пітной вады актуальная найперш для сельскай мясцовасці.

«Яе неабходна вырашаць, калі мы хочам, каб занятыя ў сельскай гаспадарцы людзі жылі ў нармальных умовах. Скаргі такія паступаюць, і мы абавязаны на іх рэагаваць», — лічыць Уладзімір Краўцоў.

Патрэба ў стварэнні станцый ачысткі вады стаіць у 119 аграгарадках у большасці раёнаў рэгіёна.

«У 2018 годзе ў вобласці закладзена каля Br1 млн на будаўніцтва дзесяці станцый абезжалезвання», — адзначыў губернатар.

Цяпер распрацоўваюць неабходную дакументацыю, вызначаюць аграгарадкі, дзе гэтая праблема стаіць найбольш востра. З 2019 года праграму па будаўніцтве такіх станцый прафінансуюць яшчэ і з рэспубліканскага бюджэту. Праблему з якасцю вады плануюць вырашыць да 2025 года, у тым ліку — прыцягнуўшы і міжнародныя сродкі.