Мяркуецца, што ўвядзенне 10-дзённага бязвізавага знаходжання замежнікаў у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей паспрыяе значнаму росту колькасці турыстаў.

«Вельмі важна, што ёсць магчымасць праз Гродна і Брэст патрапіць на нашу тэрыторыю з турыстычнымі мэтамі. З пачаткам сезону, вясной і летам, пачнем актыўна падымаць тэму для закальцавання гэтых тэрыторый, каб турысты са Скандынавіі, Прыбалтыкі маглі праз Гродна трапіць у нашу краіну, а праз Брэст выехаць», — сказаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы, паведамляе БЕЛТА.

[irp posts="45 319″ name="Як бязвіз паўплываў на Гродна і што для турыстаў зробяць яшчэ: меркаванне Мечыслава Гоя"]

Мяркуецца, што аб’яднанне гэтых тэрыторый пашырыць экскурсійныя магчымасці, турыстычны патэнцыял. З’явяцца турпрадукты, рэгіёны змогуць займацца крос-маркетынгам, кансалідаваць рэсурсы, каб прасоўваць паслугі на мэтавыя і патэнцыйныя рынкі.

Паводле Філіпа Гулого, 10-дзённы бязвіз дазволіць адкрыць для замежнікаў турыстычныя прадукты, якія былі недаступныя ў межах пяцідзённага бязвізавага знаходжання.

«У першую чаргу гэта вялікія экскурсійныя туры ад 7 да 10 дзён, якія тураператары прадастаўляюць у вялікай колькасці і шырокім асартыменце. Гэта можа быць і паўнавартасны адпачынак, напрыклад, у санаторыях, для якога пяці дзён недастаткова. Сярод еўрапейцаў таксама папулярныя камбінаваныя туры з падарожжамі па краіне, адпачынкам на прыродзе «, — растлумачыў ён. Таксама старшыня адзначыў, што цяпер актыўна павялічваецца колькасць тураператараў у Гродзенскай вобласці, якія займаюцца ўязным турызмам.