Бязвізавыя турысты з 15 краін наведалі Гродна і наваколлі ў навагоднія святы, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Правам наведаць без візы Гродна і тэрыторыю раёна за мінулыя выходныя скарысталіся каля паўтысячы замежнікаў.

«Большасць з іх (каля 60%) — гэта грамадзяне Літвы. Таксама ў лідэрах палякі і немцы. Акрамя таго, святы ў Гродне адзначалі грамадзяне Швецыі, Францыі, Іспаніі, Чэхіі, Італіі і іншых дзяржаў. Усяго ў рэгіёне пабывалі турысты з 15 краін », — распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Там падкрэслілі, што для наведвання рэгіёну ў бліжэйшыя дні зарэгістравалася яшчэ каля сотні замежнікаў.

Гродна і наваколлі ў 2017 годзе наведалі звыш за 50 тыс. бязвізавых турыстаў. Аднак цяпер у рэгіёне чакаюць павелічэння турыстычнага патоку. З 1 студзеня ўступіў у сілу ўказ № 462 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», які павялічыў тэрмін часовага знаходжання ў турыстычных мэтах замежных грамадзян на тэрмін да 10 сутак, пашыраны тэрыторыі для часовага знаходжання замежных турыстаў, павялічана колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду ў турыстычных мэтах.

Даступная для бязвізавых турыстаў зона пад Гродна была пашырана на ўвесь Гродзенскі раён, акрамя аўтамабільных пунктаў пропуску даступнымі для такога роду гасцей сталі чыгуначны і авіяцыйны транспарт.

«Турыстычныя фірмы былі інфармаваныя пра змены, нюансы прыёму гасцей, таму праца з замежнымі турыстамі вялася ў рытмічным рэжыме, нязручнасцяў ў прыезджых не ўзнікала», — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

З пашырэннем бязвізавай зоны дадатковы штуршок да развіцця атрымаюць вытворчы, экалагічны і медыцынскі віды турызму. Напрыклад, у бязвізавую зону ўвайшлі курорт рэспубліканскага значэння «Парэчча», рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры», санаторыі «Парэчча» і «Азёрны». А з павелічэннем тэрміну знаходжання да 10 дзён турысты змогуць атрымаць больш поўны комплекс санаторных паслуг. Праца па прасоўванні падобнага роду тураў ўжо пачалася.