Бязвізавы рэжым, які дзейнічае ў Гродне з 26 кастрычніка 2016 года, падштурхнуў да развіцця інфраструктуры. У горадзе з’явіліся новыя гасцініцы, кафэ, турыстычныя маршруты і паказальнікі. Як будзе ўдасканальвацца гэты напрамак у наступным годзе? На пытанні «Звязды» адказвае старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мячыслаў Гой.
— Што, на ваш погляд, самае значнае для горада ў бязвізавым рэжыме?
— Важным лічу стварэнне 420 новых працоўных месцаў у сферы гандлю, грамадскага харчавання, культуры. Актывізаваліся інвестары. Сёлета ўзведзены дзве гасцініцы на 27 і хостэл на 50 месцаў. Адкрыта каля 10 новых кафэ і рэстаранаў.
Мы звярнулі ўвагу на інфармацыйна-пазнавальны бок. За гэты год у цэнтры старога Гродна з’явілася 20 так званых аншлагаў — таблічак з гістарычнымі назвамі вуліц. На наступны год зробім яшчэ больш. Акрамя гэтага, устаноўлена 10 «пюпітраў» на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай — з інфармацыяй аб галоўных славутасцях Гродна. На вуліцы Элізы Ажэшка з’явіўся вялікі рэкламны стэнд для турыстаў, яшчэ 12 — у распрацоўцы.
— Чым горад можа прывабіць і здзівіць гасцей?
— Мы пачалі развіваць новыя турыстычныя напрамкі. Заўважылі, што многія цікавяцца не толькі музейнай спадчынай, я аб гэтым яшчэ скажу, але і вытворчымі брэндамі. Таму наладзілі экскурсіі на 10 прадпрыемствах — пальчаткавай, тытунёвай, абутковай, швейнай фабрыках, малочным камбінаце і іншых. Пачалі знаёміць турыстаў з беларускай кухняй. У верасні адбыўся першы гастранамічны фестываль нацыянальных страў і напояў «Картафан». Некаторыя кафэ прапануюць дэгустацыю беларускай кухні, праўда, з улікам арганізацыі фуршэту. Больш сталі праводзіць свят і фестываляў.
Вядома ж, цікавасць у турыстаў выклікае ў першую чаргу гістарычны і архітэктурны Гродна. І тут ёсць чым здзівіць. У нас 12 музеяў, як дзяржаўных, так і прыватных. Мы пастаянна ўдасканальваем тыя маршруты, якія існуюць, і распрацоўваем новыя. Асноўны турыстычны маршрут мае назву «Старажытны Гарадзень» і праходзіць праз галоўныя гісторыка-культурныя аб’екты. Ён зарэгістраваны ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Ёсць больш тэматычныя маршруты — «Каралеўскі Гродна», «Гродна часоў Антонія Тызенгаўза», «Яўрэйская культура ў помніках горада», «Гродна — горад храмаў і палацаў» і шмат іншых. У нас амаль 70 акрэдытаваных экскурсаводаў.
Вялікую ўвагу ўдзяляем велатурызму. У горадзе, у тым ліку ў цэнтры, вызначаны веладарожкі, пашырана сетка парковак. Літаральна за тры гады колькасць велапарковак павялічылася ў 16 разоў — з 12 да 200.
[irp posts="33 596″ name="Для палякаў - экскурсіі, для літоўцаў - шопінг, для ўсіх — чэргі на мяжы. Попыт на бязвізавы Гродна вялікі, але не ўсё ідэальна"]
— Якія новыя «фішкі» чакаюць турыстаў на будучы год?
— Будзем удасканальваць сістэму навігацыі, каб турыст мог арыентавацца па картах і схемах. Чакаем, што пашырыцца гасцінічная інфраструктура. Будуць уведзены два апарт-гатэлі і гасцінічны комплекс на 50 нумароў. Пад яго ідзе рэканструкцыя гістарычнага будынка ў цэнтры горада.
Думаю, новай «фішкай» стане аглядальная пляцоўка з біноклем, інфармацыйным стэндам і фігурнымі музычнымі лаўкамі. Таксама ў гэтым годзе мы будзем ствараць цікавы музей «Шляхам Тызенгаўза», ён рэалізуецца ў рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва. Пад музей адведзены старажытны будынак XVІІІ стагоддзя. Добра, што бязвізавы рэжым працягнуты. Скажу, што за час яго дзеяння парк «Аўгустоўскі канал», у зону якога ўваходзіць і Гродна, наведалі каля 50 тысяч замежных бязвізавых турыстаў амаль з 70 краін свету. Сярод іх значная колькасць нашых суседзяў з Польшчы і Літвы.