Гродзенец у сацсетках пацікавіўся, дзе ў горадзе можна знайсці ціхія і зацішныя месцы, каб пабыць сам-насам з прыродай. У адказ жыхары падзяліліся сваімі любімымі лакацыямі.

Сярод папулярных адказаў — Пышкі, Румлёва, Каложскі парк, Швейцарская даліна. А таксама менш відавочныя месцы накшталт мелавых кар’ераў і старых могілак ці маляўнічага старога млына на Фолюшы каля Ласасянкі.

Дарэчы, гэтае месца не так даўно стала даволі папулярнай зонай для фотасесій. Пасля гэтага спецыялісты МНС і камунальных службаў Гродна ў верасні 2025 года прызналі руіны млына небяспечным аб’ектам і абмежавалі доступ да іх.

Якія месцы раілі гродзенцы

«Пышкі за санаторыем “Жамчужына” па цячэнні Нёмана да фантанаў ад ачышчальных. Ціхая дарога, пачышчаны лес, абрывісты бераг і лес у вясновых кветках», — напісалі ў каментарыях.

«Я люблю раніцай, на досвітку на Юбілейку ездзіць. З кавай у тэрмасе, з боку ратавальнай станцыі. Там якраз купаешся ў першых промнях сонца. А калі пасля абеду ці на заходзе — з боку “Зоркі” ў альтанцы сямі вятроў, а побач на абрыве ёсць класныя карані дрэў, на якіх зручна сядзець. Лакацыю адарву ад сэрца. Спадзяюся, і вам спадабаецца», — напісала гродзенка.

«Лесапарк каля БХМД (БСМП) у бок воінскай часці. Можна яшчэ проста позна ўвечары ці рана раніцай шпацыраваць, будзе шмат дзе спакойна».

«Форты Гродзенскай крэпасці».

«Мелавыя кар’еры, Ласосна, Пышкі — асабісты топ», — падзяліліся гродзенцы.

Таксама раілі невялікія могілкі на Дзевятоўцы ў дварах «за Алмі», могілкі на Старамалышчынскай і яўрэйскія ў лесапаласе каля БХМД. Многія адзначалі, што спакойна пагуляць можна ў Румлёўскім парку, а таксама ў парку каля Каложскай царквы.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы