Падрыхтаваны праект указа па змене сістэмы збірання дзяржаўнай мыты за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Пра гэта распавёў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак на тэлеканале “Беларусь 1”, піша Белта.
Паводле яго слоў, адна з версій, якая прапрацоўваецца сёння – памесячная выплата транспартнага збору з магчымасцю карэктаваць тыя тэрміны, за якія ўжо заплачана. Да прыкладу, калі чалавек карыстаецца аўтамабілем тры месяцы на год, то і плаціць трэба за тры. Калі збіраецца прадаваць транспартны сродак, то заплаціць можна за месяц.
“Павінна быць пэўная гнуткасць, – сказаў дэпутат. – Сёння гэта такая сумесная пазіцыя ўрада і парламентарыяў. Рабочай групай, якая была сфарміравана з гэтых галін улады, напрацаваны праект указа. Думаю, што адпаведнае рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час”.
Андрэй Рыбак канстатаваў, што дзеючая цяпер сістэма была распрацавана некалькі гадоў таму. Прычынай такой сістэмы было жаданне зэканоміць сродкі на адміністраванне гэтага збору: ёсць канкрэтны работнік “Белтэхагляду” – ён і правярае квітанцыю аб аплаце.
“Але гэтая ідэя дала негатыўныя вынікі. Прапанова такая: адвязацца ад чаго б там ні было – зрабіць транспартны збор. Грамадзянін плаціць яго па заяўным прынцыпе: збіраецца выязджаць на дарогу – плаціць праз АРІП, банк, пошту або іншымі спосабамі”, – сказаў парламентарый .
У эфіры тэлеканала таксама дадалі, што ў многіх краінах транспартны збор не ўваходзіць у сістэму тэхагляду. Напрыклад, у ЗША ён уключаны ў кошт паліва – чым больш аўтамабіліст ездзіць, тым больш плаціць. У некаторых краінах Еўропы транспартны падатак плаціцца асобна і залежыць ад аб’ёму рухавіка, колькасці конскіх сіл ці выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.
Як паведамлялася, у гэтым годзе з амаль 3 млн машын да тэхагляду не даехала палова. Многія не хочуць аплачваць дарожны падатак, які даражэй за штраф з-за адсутнасці пройдзенага ТА.