Гродзенскі клуб аматараў даўніх аўтамабіляў ды іншай рухальнай тэхнікі «Вінтаж» рыхтуе да Новага году чарговы адноўлены экіпаж, паведамляе «Гродзенская праўда». Год таму клуб прадставіў на суд гараджан матарыкшу, створанага на базе першага савецкага трыцыкла «Мурашка». У ім лёгка змясціліся не толькі Дзед Мароз і Снягурка, але і вясёлыя музыканты.
«Да сёлетніх навагодніх і калядных святаў мы падрыхтавалі новы сюрпрыз — аднавілі старадаўнія сані», — распавядае дырэктар культурна-гістарычнага аўтарэтраклуба «Вінтаж» Сяргей Мукасей.
Сані знайшлі ў адной з вёсак Гродзенскага раёна. Мяркуючы па коўцы ды іншым элементам, пабудаваны яны былі ў пачатку ХХ стагоддзя і належалі заможнаму чалавеку. Невялікія, на два месцы сядзення і з месцам для фурмана, яны, відавочна, былі прызначаныя для выездаў у горад з нагоды царкоўных і свецкіх святаў.
Для аднаўлення санак прыклалі немалую кемлівасць і фантазію. Акрамя палазоў усталявалі колцы, каб ездзіць можна было і без снегу. Сваё тварэнне Сяргей Мукасей збіраецца вывезці ў горад напярэдадні навагодніх святаў, а ў клубе думаюць, каго ў санкі запрэгчы. Магчыма, гэта будзе жалезны конь.