Чарговы матч у чэмпіянаце Беларусі “Нёман” завяршае на сваю карысць. Гэтым разам падапечныя Сяргея Пушкова 30 лістапада ў Жлобіне былі мацнейшыя за мясцовы “Металург” з лiкам 5:1. Перамога над “ваўкамі” дазволіла гродзенскай камандзе выйсці на трэці радок у турнірнай табліцы.

Гродзенцы задалі тон у матчы ўжо з першых хвілін, але вось вызначыцца ў першай дваццаціхвілiнцы ім удалося толькі аднойчы. Зрабіў гэта на 10-й хвіліне Пасют.

У другім перыядзе “Нёман” разышоўся і закінуў гаспадарам чатыры безадказныя шайбы. Вызначыліся: Ляўша, Стэфановiч, Лісічкін і Багданоўскі.

Заключная дваццаціхвілінка засталася за “Металургам”. Гаспадары лёду здолелі закінуць толькі адну шайбу прэстыжу, зрабіў гэта за 5 хвілін да канца асноўнага часу Восіпаў.

“Металург” – “Нёман” 1:5 (0:1, 0:4, 1:0)

галы:
09:45 0:1 – Пасют (Коршунаў, Кліменка)
22:56 0:2 – Ляўша (Стэфановіч, Кіслы, – бол.)
31:59 0:3 – Стэфановіч (Коршунаў, Бадун)
35:05 0:4 – Лісічкін (Стэфановіч, Багданоўскі)
38:44 0:5 – Багданоўскі (Лісічкін)
45:00 1:5 – Восіпаў (Баярунс, Анікін, – бол.)

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў пасля пераможнага матчу:

– Правялі добры матч, задаволены хлопцамі і той гульнёй, якую яны сёння паказалі. Выканалі ўсё, што мы запланавалі. Выдатна гулялі ў атацы. Думаю, на працягу ўсяго матчу кантралявалі гульню. У патрэбны момант добра абараняліся. Парадавала хуткая, атакуючая і камбінацыйная гульня з вялікай колькасцю момантаў. Таму застаўся задаволены сённяшняй перамогай.

Пасля ўдалай гульні ў Жлобіне “Нёман” не ведае паразы ў 10 матчах запар. У турнiрнай табліцы таксама заўважаны прагрэс, гродзенская каманда ўсё бліжэй падбіраецца да вяршыні і ўжо размясцілася на трэцім радку, маючы ў актыве 50 ачкоў. Вышэй толькi “Юнацтва” (58) і “Шахцёр” (59).

Апошні матч першай стадыі чэмпіянату каманда Сяргея Пушкова правядзе ў суботу 2 снежня ў Гомелі, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.