Здарэнне адбылося 28 лістапада каля 16:00 ля жылых дамоў на вуліцы Каліноўскага. Мясцовыя жыхары знайшлі параненага дроцікам сабаку. Пацярпелую жывёлу адвезлі ў ветэрынарную клініку. Хто «падстрэліў» сабаку, Hrodna.life даведацца не ўдалося, але мясцовыя валанцёры апасаюцца, што гэта можа быць пачаткам «палявання» на бяздомных жывёлаў з боку камунальных службаў.

Першай на дапамогу пацярпелай жывёле прышла Юлія, якая разам з сяброўкай завезла сабаку ў ветэрынарную клініку.

«У гэты дзень я сабаку бачыла яшчэ да здарэння, ён быў у нармальным стане, — распавядае Юлія. — Праз гадзіну, калі вярнулася на Каліноўскага, то ўбачыла, што жывёла закульгала, а потым наогул упала каля дарогі. Як аказалася, сабаку падстрэлілі. Побач знаходзіўся яшчэ адзін пёс, але ён не пацярпеў. Параненую жывёлу моцна калаціла. Мы з сяброўкай завезлі сабаку ў ветэрынарную клініку».

Спатрэбілася хірургічнае ўмяшальніцтва

У ветэрынарнай клініцы «Сябры» пацярпеламу сабаку дасталі з цела так званы дроцік, якім карыстаюцца пры адстрэле жывёл.

«Сабака трапіў у клініку ў здавальняючым стане. У жывёлiны з цела быў выняты іншародны прадмет, які вельмі падобны да спецыяльнага дроціка. Пасля хірургічнага ўмяшальніцтва сабака застаўся ў нас для далейшага агляду», — распавяла лекар-тэрапеўт клінікі Анастасія Тамашэвіч.

Дроцік перададуць на экспертызу

Як высветлілася, у сабакі ёсць гаспадары, якія жывуць у прыватным сектары недалёка ад вуліцы Каліноўскага. Але чаму сабака разгульваў без нашыйніка і без гаспадара, застаецца незразумелым.

«Дроцік мы перадамо на экспертызу, а пасля напішам заяву ў міліцыю. Няхай службы разбіраюцца, чаму ў межах горада адстрэльваюць жывёл, — распавядае прадстаўнічка арганізацыі „След жыцця“ Дар’я Рашэтнікава. — Дроцікамі могуць страляць або супрацоўнікі САГа, або прадстаўнікі заапарка. Але ў горадзе адстрэл жывёл цалкам забаронены, дазволены толькі адлоў.»

Па словах Дар'і, цягам ліспапада валанцёры арганізацыі знайшлі двух сабакаў, што пацярпелі ад спецсродкаў. Пасля публікацый пра зграю бяздомных сабак на Дзевятоўцы камунальныя службы актывізавалі «змаганне» з імі.

[irp posts="40 317″ name="Помста людзям? У Гродне зграя бадзяжных сабак задушыла статак коз"]

Дар’я кажа, што нават сёння, 28 лістапада, ім паступалі паведамленні ад жыхароў Фолюша, што там адбываецца «сапраўдная бойня — бачны сляды крыві і няма ніводнага бяздомнага сабакі».

[irp posts="41 738″ name="У САГу распавялі, што сабаку на Каліноўскага падстрэлілі не яны"]