Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Ёханэсан 25 лістапада наведала Гродна з прыватным візітам. Гэта была яе першая паездка на захад Беларусі пасля прызначэння на працу ў Мінску.
Крысціна Ёханэсан прыступіла да працы ў Беларусі 4 верасня. За 2,5 месяцы пасол паспела пазнаёміцца з Мінскам і Гомелем. Паездка ў Гродна супала з дабрачынным арганным канцэртам шведскага арганіста Ёргена Лiндстрома ў лютэранскай кірсе.
«Я прыехала ў Гродна ўпершыню і мне горад спадабаўся, — распавядае Крысціна Ёханэсан. — Здзівіла, што ў ім захавалася вельмі шмат старых будынкаў, і тое, што Гродна па абліччы вельмі адрозніваецца ад Мінска. Мне спадабалася, што горад дагледжаны, ёсць паркі. У Гродне я ўбачыла шмат розных сімпатычных рэстаранаў і кафэ. Мне здаецца, горад зялёны, значыць ёсць сэнс вярнуцца сюды ў цёплую пару года».
Гродна цікавы шведам, але не хапае бязвізавага часу
Крысціна Ёханэсан закранула і тэму бязвізавага рэжыму, адзначаючы, што Гродна можа прыцягнуць шведскіх турыстаў сваім размяшчэннем і славутасцямі.
«Мы бачылі ў Гродне адносна шмат турыстаў. Як я зразумела, гэта госці з Літвы і Польшчы. Я лічу, што Гродна можа прыцягваць турыстаў і з Швецыі, якія хочуць больш даведацца аб гэтай тэрыторыі і гісторыі беларускай зямлі.
Тое, што цяпер можна прыязджаць у Беларусь без візы на пяць дзён, гэта вельмі важна. Мы ўжо бачым як у Мiнск прыяжджаюць шведскія турысты. Мы спадзяемся, што бязвізавы тэрмін працягнецца і павялічыцца колькасць дзён знаходжання — тады б турысты з Швецыі маглі прыехаць і ў Гродна, і ў іншыя гарады.
Нашым турыстам, акрамя гістарычных месцаў, цікавыя яшчэ і розныя фермерскія гаспадаркі, дзе можна было б паглядзець, як там працуюць, ды многае іншае".
Былі сумесныя праекты
Пасол у будучынi плануе прыехаць у Гродна з дзелавым візітам, каб сустрэцца з кіраўніцтвам горада і абмеркаваць супрацоўніцтва па розных напрамках.
«Наколькі мне вядома, шведскі бок у Гродне ажыццяўляў некалькі даволі буйных праектаў па ахове навакольнага асяроддзя. Калі не памыляюся, то ў Гродне нашы спецыялісты займаліся пытаннямі водаадвядзення і ачысткай вады, бо рака Нёман вельмі важная для Балтыйскага мора. Было і некалькі сацыяльных праектаў. На будучай сустрэчы з кіраўніцтвам горада мы абмяркуем бізнес і іншыя праекты».