Будынак 1900 года на вуліцы Ажэшкі, 35а фонд «Гроднааблмаёмасць» спрабаваў прадаць з лістапада 2016 года. Толькі праз год, на сёмым па ліку аўкцыёне, яго прадалі па значна зніжанай цане.
Пачатковая цана нерухомасці складала каля 500 тысяч рублёў і з кожным новым аўкцыёнам падала. На аўкцыёне, які прайшоў 20 лістапада, аб’ект прадалі за 152 330 рублёў. Пачатковая цана ў гэты дзень складала 101 тысяча рублёў.
Пакупніком старой камяніцы агульнай плошчай 319,0 м2 стаў гродзенскі бізнесовец Аляксандр. Яму трэба будзе рэканструяваць набыты будынак пад аб’ект грамадскага прызначэння на працягу года.
«На другім паверсе хачу зрабіць офісы для сваёй фірмы, а на першым, побач з «Кофе Саунд» [выкупленае памяшканне – рэд.], магчыма што-небудзь адкрыецца, – распавядае Аляксандр. – Пакупка гэта для мяне ў першую чаргу ўкладанне грошай і новае месца для працы маіх супрацоўнікаў”.
Ён раіць іншым бізнесменам не баяцца ўкладаць грошы ў будынкі ў Гродне. Самае складанае, паводле Аляксандра, гэта ісці першы раз такім шляхам.
“Гістарычныя аб’екты палохаюць наборам патрабаванняў пры рэканструкцыі, але трэба спрабаваць. Мне прыемна, што я гродзенец і інвестую ў cвой горад. Я лічу, гэта правільна”.


