Праца Сяргея Аганава 15 лістапада паспяхова прайшла рэспубліканскі манументальны савет, які дае дазвол на ўстаноўку помнікаў у Беларусі. Неўзабаве гранітнага Давыда прывязуць у Гродна.
На стварэнне помніка ў аўтара сышло 3,5 месяца штодзённай працы. Гарадскія ўлады планавалі, што Давыда ўсталююць ля замкаў да Дня горада ў верасні, але на той момант праца яшчэ не была гатовая.
«Зараз вырашаецца пытанне дастаўкі помніка ў Гродна, — расказаў Сяргей Аганаў. - Гэта была вельмі цяжкая праца, я ўсё рабіў сумленна. Шмат часу пайшло на твар, да яго я вяртаўся пастаянна. Агулам працай задаволены».
Эскіз Сяргея Аганава перамог у конкурсе праектаў. Найлепшую прапанову вызначылі ў Гродне 12 красавіка. Тады ў конкурсе ўдзельнічалі 13 прац. Грошы на помнік вылучыў мецэнат Анатоль Карабач — заснавальнік мінскай фірмы «Хорс-Мотарс», ураджэнец Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам. Таксама помнік ствараўся пры падтрымцы Гродзенскай праваслаўнай епархіі.
Скульптура знакамітага кашталяна гродзенскага замка размесціцца на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Помнік будзе складацца з дзвюх частак: пастамент і сама скульптура. Вышыня скульптупы разам з пастаментам будзе складаць 3,75 м.
Верагодна, помнік усталююць у маі напярэдадні фестывалю нацыянальных культур.