Менш за 10 гадоў сышло ў Паўла Трыпуця на тое, каб прайсці шлях ад гітарыста аркестра Гродзенскай філармоніі да першага ў Беларусі эндорсера кампаніі Yamaha.

Павел Трыпуць — гітарыст гуртоў «Крамбамбуля» і «The Superbullz», стваральнік і гітарыст гурта «OpTeamist Project», кампазітар, аранжыроўшчык, выкладчык гульні на гітары. 10 гадоў таму ён быў адным са стваральнікаў папулярнай у той час у Гродне групы «Stop Time».

Шлях да Yamaha

2017 год аказаўся ў Паўла моцна звязаным з брэндам Yamaha. Спачатку разам з «OpTeamist Project» ён запісаў відэа для ўдзелу ў E-band competition 2017 і выйграў гітару ад кампаніі Yamaha, затым выступіў на майстар класе гітарыста гурта «Rage» Віктара Смольскага, сусветнага эндорсера кампаніі Yamaha, а менш чым праз паўгода і сам Трыпуць падпісаў кантракт з кампаніяй.

Хто такі эндорсер?

Эндорсер — вядомы ў сваім рэгіёне альбо ў свеце музыка, які выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці інструменты канкрэтнага брэнда па кантракце.

Эндорсерскія кантракты — узаемавыгадныя праекты, у якіх музыка прасоўвае прадукты брэнда, а брэнд, у сваю чаргу, аказвае падтрымку артысту.

EarnOnMusic.com сустрэліся з Паўлам Трыпуцем у Мінску, на міжнароднай канферэнцыі Minsk Music Week 2017 Colisium, і запісалі першае інтэрв'ю пасля падпісання кантракту.