Студэнцкая інтрыга года вырашылася ў Моладзевым цэнтры «Гродна» 16 лістапада. Там напярэдадні Дня студэнта выбралі лепшага студэнта з трох мясцовых універсітэтаў. Трэці год запар тытул лепшага атрымліваюць прадстаўнікі ГрДУ. Пераможца — студэнтка філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч — у гэтым годзе прадставіць Гродзеншчыну на конкурсе «Студэнт года Беларусі-2017».

У абласным этапе ўдзельнічалі тыя, хто стаў лепшым у сваіх універсітэтах. Яны прэзентавалі сябе журы ў конкурсе «Я студэнт!», прадстаўлялі свае аратарскія і інтэлектуальныя здольнасці і паказвалі сябе з творчага боку ў конкурсе «Беларусь — крыніца натхнення». Да пачатку конкурсу журы ацаніла камедыйныя відэаролікі «Я — студэнт» і партфоліа ўдзельнікаў, якія адлюстроўваюць іх дасягненні, захапленні і грамадскую работу.

У намінацыі «ONLINE Студэнт года 2017» лепшым стаў Уладзіслаў Шышко з Медыцынскага ўніверсітэта. Галоўны прыз дастаўся прадстаўніцы ўніверсітэта імя Купалы Аляксандры Радковіч. Усе ўдзельнікі, у тым ліку і студэнтка Аграрнага ўніверсітэта Яўгенія Бобніс, атрымалі каштоўныя падарункі.

«Быць лепшым студэнтам на Гродзеншчыне для мяне гэта вялікі гонар і адказнасць. Вобласць павінна мной ганарыцца і разумець, што я не проста так стала „Студэнтам года — 2017“, а тытул гэты заслужыла. Далейшыя планы — перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе», — адзначыла Аляксандра.