Філасофскія пытанні жыцця і смерці, месцы памяці і ўшанавання продкаў у Гродне – вось тэмы пятага нумара “Гарадзенскага гадавіка”, прэзентацыя якога адбылася 8 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця. У склад зборніка ўвайшло больш дзясятка артыкулаў гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. На сустрэчы аўтары распавялі пра новыя гістарычныя цікавосткі, знойдзеныя ў час працы.

Селядцы не дапамаглі, малітвы – так
Пра цуды ацалення і традыцыі лекавання ў 17 стагоддзі распавёў Уладзімір Ляўшук на прыкладзе “аднаго градзяніна, у якога паехаў дах”. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што лекавалі яго “звычайнымі сродкамі – селядцамі з Гданьску выпісанымі, падзялянымі папалам і прыкладзенымі да галавы і пятак”. А калі тое не дапамагло, супольнасць суседзяў паабядаца адгаварыць пэўную колькасць ружанцаў да Маці Божай. “Пасля такога лекавання хворы ачуняў і стаў распавядаць, што быў у Грэцыі, бачыў мора, падымаўся да Месяца і бачыў зямлю, як яблык”.

Ахвотным даведацца больш варта пагартаць гадавік і знайсці адпаведны артыкул.
На даследаванні натхніў Караткевіч
Алесь Радзюк сваю працу для сёлетняга гадавіка прысвяціў кату. Па словах гісторыка, на выбар тэмы даследвання яго натхніў Уладзімір Караткевіч творам “Хрыстос прызямлўся ў Гародні”. “Там вельмі каларытна вобраз чалавека напісаны. Вырашыў даследаваць па архіўных крыніцах, наколькі гэта адпавядала рэчаіснасці”.

Цікаўныя ў тым, як жылі і чым займаліся гродзенскія каты, які заробак атрымлівалі і як вучылі падмасцер’яў, маюць шанец знайсці адказы на пытанні ў артыкуле Радзюка.
Што яшчэ пачытаць у гадавіку
Вялікі раздзел гадавіка прысвечаны гарадскім могілкам – ад Фарных каталіцкіх у цэнтры горада ці старых яўрэйскіх. Разгледжаны таксама пытанні сімволікі надмагілляў. Таксама зборнік утрымлівае рэцэнзіі на новыя кнігі па гісторыі Гродна.



