У Дзень Святога Губерта 3 лістапада гродзенскі краязнаўца Януш Паруліс адзначыў 6-годдзе свайго музея. На святкаванні ў абноўленым дворыку Януш частаваў гасцей гарачымі напоямі з прысмакамі.
«Прыемна, што нам ужо 6 гадоў. Менавіта ў апошні год у нас атрымалася навесці парадак, — кажа Януш Паруліс. — За час існавання музея былі моманты, калі не было чым плаціць за арэнду, людзі дапамагалі, за што я вельмі ўдзячны. Бывала, прадаваў каштоўныя рэчы з музея, каб заплаціць падаткі. Зараз людзей няшмат ходзіць, хацелася б бачыць значна больш».
Краязнаўца адзначыў, што хацеў бы больш супрацоўнічаць з мясцовымі турфірмамі, якія амаль не водзяць да яго турыстаў. Дапамагчы ў гэтым мае вулічная кавярня, якая адкрыецца ў дворыку музея ў 2018 годзе.Даведка
Музей гарадскога побыту і гісторыі горада Гродна — прыватная калекцыя Януша Парулiса, якая складаецца з тысяч экспанатаў. Яны раскрываюць наведвальнікам тое, як жылі гродзенцы ў мінулым. У музеі прадстаўлена шырокая калекцыя літаратуры па гісторыі Гродна, праходзяць тэматычныя выставы. Калекцыя музея пастаяннае папаўняецца. Праводзіцца ацэнка, пакупка экспанатаў.
