Паўтара месяца ля музея Януша Паруліса будаўнікі мянялі цеплатрасу. Зараз працы скончаныя, на падворку парадак і музей побыту зноў запрацаваў у звычайным рэжыме. Януш гатовы прымаць наведвальнікаў.

З канца жніўня ішла планавая замена цеплатрасы на вуліцы Лермантава. Мяняць трубы працоўным прыйшлося і на падворку музея. Падчас работ да краязнаўцы патрапіць было вельмі складана.

Музей Януша Паруліса зноў працуе ў звычайным рэжыме: скончылася замена цеплатрасы
Так выглядаў падворак Парулiса ў жніўні
Многія з будаўнікоў, якія працавалі ля музея, нават і не ведалі, што тут захоўваецца вялікая калекцыя старых рэчаў. Пасля знаёмства з Янушам усе працоўныя былi запрошаны ў музей — для іх краязнаўца правёў экскурсію. Пасля заканчэння работ ён наогул накарміў іх вячэрай.

«Калі пачалі працаваць каля Януша, то нават і не здагадвалiся, што ў яго ў доме столькі ўсяго цікавага. А пасля ён пачаў сам выходзіць, нешта дапамагаў, распавядаў пра гісторыю горада. Аднойчы пан Януш запрасіў нас у музей і правёў экскурсію. Можам смела сказаць, што за час працы папоўнілі свой багаж ведамі па гісторыі горада. Такія музеі ў горадзе трэба захоўваць і дапамагаць ім развівацца», — распавёў будаўнік Павел з гродзенскага філіяла СМУ-7.

Музей Януша Паруліса зноў працуе ў звычайным рэжыме: скончылася замена цеплатрасы
Пасля ўсіх работ. Краязнаўца Януш Парулiс і будаўнічая брыгада гродзенскага філіялу СМУ-7
Выкананымі працамі Януш Парулiс застаўся задаволены. Зараз для яго важна, каб службы дапамаглі прывесці ў парадак і зялёную зону, дзе да рамонту былі насаджэнні.

«Задаволеным чалавек ніколі не можа быць, але я ўдзячны будаўнікам і нашаму старшыні гарвыканкама Мечыславу Гою, які паспрыяў, каб мне зрабілі тут пасля ўсіх работ парадак, — распавядае Януш Парулiс. - Прыемна, што паклалі плітку, а не асфальт. Адзіная праблема, якая засталося, гэта зялёны ўчастак. Мне трэба, каб было добраўпарадкаванне якое-небудзь і каб я мог там паставіць свой воз і некаторыя экспанаты. Бо раней там так і было. У ЖЭСе абяцалі разабрацца і высадзіць расліны».

Ужо 3 лістапада, у Дзень святога Губерта, музей Януша Парулiса будзе адзначаць шэсць гадоў. У гэтым годзе на святкаванні краязнаўца запрашае ўсіх жадаючых.