Гродзенскае прадпрыемства адмовіла жанчыне ў матэрыяльнай дапамозе пасля гібелі мужа праз вытворчую траўму. Наймальнік сцвярджаў, што мужчына быў п’яны, але праверка гэтага не пацвердзіла. Пасля ўмяшання пракуратуры прадпрыемства вырашыла выплаціць удаве больш за 80 тысяч рублёў.

Жанчына двойчы звярталася па выплату на прадпрыемства, дзе працаваў яе муж. Мужчына загінуў у выніку вытворчай траўмы, атрыманай у снежні 2024 года, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».

Назва арганізацыі і абставіны няшчаснага выпадку не прыводзяцца.

Чаму прадпрыемства адмовіла

Калектыўны дагавор прадугледжваў аднаразовую дапамогу сям’і загінулага работніка — 120 яго сярэднямесячных заробкаў. Пры гэтым, калі супрацоўнік атрымаў смяротную вытворчую траўму ў стане алкагольнага ап’янення, выплата не належала.

Менавіта на гэтую ўмову спаслалася прадпрыемства, адмовіўшы ўдаве. Аднак падчас праверкі няшчаснага выпадку не пацвердзілася, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Звароты ўдавы разгледзелі паўторна

Пракуратура прызнала адмову незаконнай. Пракурор Гродна запатрабаваў ад кіраўніка прадпрыемства паўторна разгледзець звароты жанчыны.

Пасля гэтага прадпрыемства прыняло рашэнне выплаціць ёй матэрыяльную дапамогу ў памеры больш за 80 тысяч рублёў.