З канца жніўня пачалася планавая замена цеплатрасы на вуліцы Лермантава. Мяняць трубы працоўным прыйшлося і на падворку музея Януша Парулiса. Зараз да краязнаўцы патрапіць вельмі складана. Ён спадзяецца, што пасля яму добраўпарадкуюць тэрыторыю.

«Мяняюць у мяне цеплатрасу — справа добрая і я нічога не магу зрабіць, — распавядае Януш. — Але ўсе мае расліны ля дома пайшлі пад трактар, асфальт разбілі. Развалілі ўвесь подворак. Нічога мне не кажуць, але працы працягнуцца, магчыма, каля месяца. За гэты час я не змагу належным чынам прымаць турыстаў, але арэнду я ўсё роўна плачу. Мне б хацелася, каб горад пасля ўсіх работ навёў мне парадак — упарадкаваў тэрыторыю. Як-ніяк тэрыторыя ў мяне напалову гарадская. Ды і неўзабаве я хачу зрабіць у сябе самае тусовачнае месца ў акрузе. Кафэ ўжо амаль гатова».

Рабочыя кажуць, што абавязкова пасля сябе прыбяруць.