Восень як пачатак новага навучальнага года ўспрымаюць не толькі школьнікі і студэнты. Для гарадзенцаў узросту 55+ гэта таксама магчымасць працягнуць навучанне. Сёлета Універсітэт Залатога Веку распачынае дзевяты навучальны сезон. Набор сталых студэнтаў будзе ісці ад 4 да 15 верасня. Урачыстае адкрыццё новага навучальнага года запланавана на 5 кастрычніка. Раскажыце сваім сталым знаёмым, бацькам ці бабулям і дзядулям пра такую магчымасць. Ваша жыццё ад іх актыўнасці таксама стане весялейшым.

Ужо даўно даказана, што памер пенсіі і якасць медыцынскага абслугоўвання не з’яўляюцца ключавымі фактарамі, якія ўплываюць на працягласць і якасць жыцця сталага чалавека.

Для людзей «залатога ўзросту» вельмі важныя магчымасці для развіцця, рэалізацыі сваіх інтарэсаў, камунікацыя з людзьмі розных пакаленняў, адчуванне сваёй запатрабаванасці ў грамадстве.

Менавіта для таго, каб ствараць такія магчымасці для сталых людзей, і паўстаў першы беларускі «Універсітэт Залатога Веку». Сёлета студэнтаў чакаюць 40 розных курсаў і клубаў, а таксама шмат цікавых агульных лекцый і інтэграцыйных мерапрыемстваў.

Прывядзі сваіх сталых ва Універсітэт Залатога Веку. Тваё жыццё ад гэтага таксама стане лепшым

«Дакладна, пайду,» — запэўнівае Зоя Лутчанка. Для яе гэта будзе ўжо трэці год навучання ва УЗВ. -

«Там людзі цікавыя, то будуць новыя знаёмствы. Яшчэ пайду на курсы для падтрымкі здароўя. Ну і на камп’ютарныя - таксама, каб ісці ў нагу з часам.»

Са словаў Зоі, час навучання ва УЗВ моцна змяніў яе пенсійны лад жыцця: «Стала больш знаёмых, атрымала шмат цікавай інфармацыі, абнавіла свае веды.» Да таго ж, і ва ўнукаў з’явілася да бабулі новая цікавасць. Зараз адно з першых пытанняў пры сустрэчы — што новага даведалася на занятках. «Я ім і пра ладдзю расказвала, і пра Багдановіча. Бачу, што з ціквасцю слухаюць і радая, што новыя веды дапамагаюць падтрымліваць добрыя адносіны ў сям'і.»

Прывядзі сваіх сталых ва Універсітэт Залатога Веку. Тваё жыццё ад гэтага таксама стане лепшым

Ларыса Кухарэнка пачне сёлетні навучальны год ва УЗВ у якасці выкладчыцы курса па лямцаванню з воўны. А першы раз прыйшла ва ўніверсітэт тры гады назад.

«Канечне, буду працягваць! Калі ствараю прыгожыя рэчы з воўны — будзь то адзенне, сумкі ці цацкі, з’яўляецца стан шчасця і радасці. Я хачу гэтым дзяліцца. Каб кожная жанчына магла такое адчуць. Асабліва — жанчына ў веку, што мае час, каб дазволіць сабе радасць творчасці. Навучыць шчасцю немагчыма, але яно перадаецца, калі пачынаем разам тварыць. «

«Пайду-пайду- не сумняваеццца і Таццяна Таранка.

— Мне такі лад жыцця падабаецца. Заняткі арганізоўваюць мой час і робяць жыццё больш сістэматызаваным. Ды і проста цікава — мерапрыемствы, лекцыі, сустрэчы — вельмі насычанае жыццё. Шкада толькі, што на ўсе цікавыя курсы не атрымліваецца запісацца — часу не стае».

Адметнасцю новага сезона, па словах Ланы Руднік, дырэктаркі праграмы «Універсітэт Залатога Веку», стане актывізацыя грамадскай кампаніі, накіраванай на павышэнне ступені прыязнасці Гродна да сталых людзей.

Прывядзі сваіх сталых ва Універсітэт Залатога Веку. Тваё жыццё ад гэтага таксама стане лепшым

«Мы па-ранейшаму хочам, каб наш горад першым у Беларусі далучыўся да Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей. Таму сёлета разам з нашымі сталымі студэнтамі пачнем рабіць даследаванне гэтай самай прыязнасці па некалькіх параметрах, будзем запрошваць афіцыйную інфармацыю ад органаў улады. Плануем таксама зрабіць пераклад на беларускую мову дапаможніка, які апісвае працэдуру далучэння гарадоў да Глабальнай сеткі, а таксама крытэрыяў, якім павінны адпавядаць такія гарады.»

У кастрычніку УЗВ плануе правесці Круглы стол, прысвечаны гэтай тэме. Таксама ў планах -правядзенне агульнабеларускага форуму універсітэтаў трэцяга веку, выставы творчых мастацкіх праектаў, рэалізаваных з удзелам студэнтаў УЗВ. Першыя з іх — фотапраекты «Анатомія цела» і «Рэтра-Сукенка» будуць прымеркаваны да Міжнароднага дня сталых людзей і адкрыюцца ўжо 1 кастрычніка.


Універсітэт Залатога Веку працуе ў Гродне ад 2010 года. Мэта праграмы - павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю.

Прывядзі сваіх сталых ва Універсітэт Залатога Веку. Тваё жыццё ад гэтага таксама стане лепшым

Больш падрабязную інфармацыю пра набор студэнтаў «Універсітэту Залатога Веку» чытайце тут — nabor2018.uzv.by