Дадаць навіну
Пятніца, 24 лістапада 2017, 17:16

Фелікс Варашыльскі: “Мая кніга пра Гродна будзе падобная да музея Парулiса – яна будзе пра ўсё”

фота з архiву Наталлi Шматко

Вядомы калекцыянер паштовак, гравюр і гістарычных дакументаў аб старым Гродне Фелікс Варашыльскі ў чарговы раз наведаў горад у пачатку чэрвеня. Нямецкі лекар-пенсіянер прыязджае ў Беларусь кожны год, каб сустрэцца з сябрамі і знаёмымі, а таксама наведаць месцы, дзе калісьці жылі яго продкі.

Упершыню Фелікс прыехаў у Гродна ў канцы 90-х, з таго часу горад істотна змяніўся: нешта знеслі, нешта пабудавалі, але дом дзе жылі яго бацька і дзед дагэтуль стаіць. Цяпер там бальніца, як і ў даваенныя гады.

“Прыехаць у Гродна для мяне – гэта адпачыць ад Нямеччыны, дзе я жыву, – распавядае Фелікс. – Кожны раз, калі прыязджаю, я сустракаюся з калегамі, сябрамі – атрымліваю новую інфармацыю, паштоўкі. На вуліцах старога Гродна я вывучаю дамы і іншыя старыя аб’екты.

Горад змяняецца, нешта перабудоўваюць, зносяць. Яшчэ 2-3 гады таму ў горадзе былі толькі банкі, цяпер ужо шмат чаго цікавага паадчынялі. Я сачу за жыццём Гродна праз інтэрнэт. Зараз мяне непакоіць лёс Старога замка. Вядома, яго трэба рэстаўраваць, але не такім метадам, які прапаноўваюць. Нельга нешта дабудоўваць, чаго не было, гэта тады будзе ўжо не Стары замак. Трэба быць верным гісторыі і шукаць пацвярджаючыя дакументы, а яны сапраўды дзесьці ёсць”.

Калегi як заўсёды перадалі Феліксу некалькі цікавых здымкаў, якія папоўняць яго калекцыю

Каля 3 тысяч фота

Вялікая калекцыя Фелікса зараз папаўняецца павольней, чым некалькі гадоў таму. Шмат якія паштоўкі паўтараюцца, а новыя з’яўляюцца рэдка, ды і цана на такія асобнікі даволі высокая.

“Зараз у маёй калекцыі каля 2,5 тысяч паштовак і 500 фатаграфій. Збіраю іх каля 20 гадоў і ведаю, што гэта яшчэ не мяжа. Шукаю новыя экспанаты для сваёй калекцыі праз інтэрнэт, розныя антыкварныя крамы, парталы для калекцыянераў. Бывае знаходжу матэрыял для калекцыі ў такіх месцах, у якіх цяжка ўявіць: Аўстралія, Афрыка, Амерыка і г.д.

За гэтыя гады мне ўдалося наладзіць супрацоўніцтва з многімі калекцыянерамі, з якімі мы час ад часу мяняемся паштоўкамі і фотаздымкамі. У Гродне я таксама мяняюся. Былі выпадкі, што людзі проста прыходзілі і дарылі мне паштоўкі і фатаграфіі, пры гэтым казалі: “Бяры, лепш яны будуць у тваёй калекцыі, чым дзесьцi яшчэ”. Зараз я на пенсіі і ў мяне на пошукі больш часу. Калі працаваў, то пошукам у інтэрнэце вылучаў 30 хвілін раніцай і столькі ж вечарам, але не больш, бо інтэрнэт – гэта як наркотык».

Калекцыя мае гістарычнае значэнне – таму яна даступная ўсім

Калекцыянаваць паштоўкі і фотаздымкі з відамі Гродна Фелікс пачаў, бо хацеў даведацца пра гісторыю сваёй сям’і і месца, у якім яна жыла. Нават жывучы ў Нямеччыне, калекцыянер у стане знайсці цікавыя паштоўкі і фатаграфіі ў Гродне. Але для гэтага трэба больш кантактаваць са старажыламі, кажа Фелікс.

“Я стараюся загружаць у інтэрнэт усё што маю. Мая калекцыя мае гістарычнае значэнне, яна паказвае, як Гродна выглядаў у розныя часы. Многія аўтары кніг па гiсторыі Гродна карысталіся маімі здымкамі: я нікому не адмаўляю, толькi прашу, каб пазначалі крыніцу. Калекцыя ёсць у мяне, але даступная ўсім. Спадзяюся, што сайт будзе жыць доўга. Планую ў будучынi перадаць свае зборы сям’і, але калі яны не захочуць гэтым займацца, то ўсё пойдзе ў які-небудзь музей, дзе б працягнулі маю справу».

Пакуль зручней ехаць у Гродна па візе

Фелікс традыцыйна спыняецца ў гасцініцы “Славія”, якая знаходзіцца ў самым цэнтры горада, недалёка ад дома Варашыльскiх. Ад гасцініцы калекцыянер і плануе маршрут сваёй прагулкі па старым горадзе.

“Кожны раз, калі я прыязджаю ў Гродна, у мяне ёсць шмат пытанняў, якія мяне хвалююць: на некаторыя знаходжу адказы, на некаторыя не. Я заўважыў, што ў горадзе з’явіліся табліцы са старымі назвамі вуліц: гэта добра, што людзі будуць ведаць старыя назвы. Можна было б дадаць назвы на іншых мовах, гэта было б зручней для турыстаў.

Гродна вельмі павольна адкрываецца для турыстаў, яшчэ шмат чаго трэба зрабiць, каб госці з-за мяжы маглі сябе ў гэтым горадзе адчуваць больш камфортна. Тое, што замежнікі пачынаюць ездзіць у Гродна, гэта ўжо вялікі плюс. Для мяне пакуль прасцей ездзіць у Гродна па візе, не хачу сябе ў чымсьцi абмяжоўваць”.

“Мая кніга пра Гродна будзе падобная да музея Парулiса”

Нядаўна Фелікс прачытаў на фэйсбуку аб адраджэнні ў Гродне ігральных карт Лапіных. Яго збянтэжыла, што ў апісанні яны названыя “беларускімі ігральнымі картамі”. Калекцыянер лічыць, што так быць не павінна.

«Калі хтосьці не хоча пісаць “польскія карты Лапіных”, то хай напіша “гродзенскія “. Трэба ведаць гісторыю: Гродна ў той час, калі фабрыка існавала, быў польскім горадам, і Лапін быў не беларусам, а польскім яўрэем. У маім архіве ёсць нават ліст з 1930-х: адзін з Лапіных вёў перапіску з юрыстам у Варшаве і казаў, што не можа заплаціць, бо справы на фабрыцы на той момант ішлі дрэнна.

Я люблю Гродна, сачу за яго жыццём і адчуваю сябе добра ў гэтым горадзе, але я не гродзенец. Я нарадзіўся ў Польшчы і пражыў там 32 гады, а ў Нямеччыне жыву ўжо 34 гады. Я сябе лічу чалавекам з Еўропы і мне абсалютна без розніцы, які пашпарт у мяне”.

У сваёй чарговай паездцы ў Гродна Фелікс наведаў дом сваіх продкаў па вуліцы Васілька, 10. Там зараз знаходзiцца бальніца. Тутэйшыя лекары калекцыянера ведаюць і з павагай паставіліся да яго візіту.

Гродна я палюбіў, бо там жылі мае продкі. Гэты горад заўсёды будзе для мяне важны. Зараз я працую над кнігай пра гэта месца, магчыма, да канца года яна будзе гатовая. Мая кніга пра Гродна будзе падобная да музея Парулiса, яна будзе пра ўсё. Яна будзе пра калекцыю маіх паштовак з відамі Гродна, пра тое, што на іх напісана, што за фотаздымак, хто яго падпісваў, якi лёс гэтага чалавека. Таксама ў кнізе я распавяду аб сваёй сям’і, якая апынулася ў мяне вельмі вялікай і раскіданай па ўсім свеце. Кніга будзе на польскай мове, магчыма, будзе прэзентацыя ў Гродне. Але пакуль усё яшчэ ў працэсе».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments
0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: