Урачыстасць з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі прайшла ўвечары 31 кастрычніка ў лютэранскай кірсе ў Гродне. У святкаванні прынялі ўдзел дыпламаты, прадстаўнікі ўлады і духавенства горада. У гэты вечар у царкве адкрылася выстава «#HereIStand. Марцін Лютэр, Рэфармацыя і яе наступствы», а таксама дала канцэрт Гродзенская капэла.
Удзел ва ўрачыстасцях у Гродне прыняў амбасадар Германіі Петэр Дэтмар, які ў сваім выступе падрабязна распавёў пра ўклад Марціна Лютэра ў сусветную гісторыю.«Гродна гэта адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Я вельмі ахвотна прыязджаю сюды, асабліва ў гэтае выдатнае свята. Гэты дзень для еўрапейскай гісторыі выбітны. 500-годдзе Рэфармацыі для Еўропы азначае вельмі шмат, гэта, можна сказаць, быў пераход ад сярэднявечча да новага часу», — распавёў Петэр Дэтмар.
Таксама дыпламат адзначыў, што сёлета спаўняецца 25 гадоў ад усталявання дыпламатычных адносін паміж ФРГ і Беларуссю. За гэты год пасольства правяло шмат культурных мерапрыемстваў у Беларусі. Святкаванне 500-годдзя Рэфармацыі - адно з іх.
500 гадоў таму заходняе хрысціянства падзялілася: ад каталіцкай царквы адлучыліся пратэстанцкія канфесіі. Для гэтага былі і ідэалагічныя, і эканамічныя прычыны. Пратэстанцкія цэрквы заклікалі да сціпласці, эканоміі, накаплення і апоры на сябе — яны адпавядалі ідэям маладой буржуазіі. Рэфармацыя пачалася ў Германіі як багаслоўская спрэчка, развязаная манахам Марцінам Лютэрам (1483−1546), які выкладаў ва ўніверсітэце Вітэнберг. Хутка рух Рэфармацыi ахапіў ці не ўсю Еўропу.