Падапечныя Сяргея Пушкова ў рамках чэмпіянату Беларусі 7 кастрычніка прайгралі ў Гродне салігорскаму «Шахцёру» з лікам 3:4 і апусціліся на пяты радок у турнірнай табліцы.

Гродзенцы добра правялі першы перыяд, дзе здолелі закінуць суперніку 2 шайбы. У пачатку другой дваццаціхвілінкі каманды адзначыліся забітымі галамі, а вось бліжэй да сярэдзіны перыяду ў гродзенцаў у абароне пачаліся сур’ёзныя праблемы, якімі скарысталіся хакеісты салігорскай каманды. За пяціхвілінны адрэзак «Шахцёр» закінуў гаспадарам 3 шайбы.

«Нёман» меў шанец перавесці гульню ў авертайм у самым канцы сустрэчы, але сваім шанцам гаспадары не здолелі скарыстацца і запісалі на свой рахунак паразу. А вось салігорская каманда мае ўжо дзясятую перамогу запар і ўзначальвае турнірную табліцу з 29 ачкамі. У гродзенцаў пяты радок і 17 ачкоў.

«Нёман» — «Шахцёр» 3:4 (2:0, 1:4, 0:0)

Галы:
12.00 1:0 — Стэфановіч (Пасют, Рэмезаў, — бол.)
14.06 2:0 — А.Маляўка (Дарафееў)
23.20 2:1 — Ляўко (Карабанаў)
26.56 3:1 — Ляўша (Марчанка, Рэмезаў)
27.31 3:2 — Пiтуле (Нікулін, Рак)
29.22 3:3 — Ружычка (Белухiн, Камбовіч)
32.14 3:4 — Дадонаў

«Нёману» апошнім часам цяжка даюцца гульні, бо каманда вядзе барацьбу на трох франтах: чэмпіянат Беларусі, Кубак Салея і Ліга чэмпіёнаў.

Наступны матч у чэмпіянаце Беларусі «Нёман» правядзе 14 кастрычніка ў Гродне, дзе будзе прымаць «Ліду». А вось у аўторак 10 кастрычніка дружына Сяргея Пушкова правядзе на сваёй пляцоўцы апошні матч сёлетняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, дзе будзе прымаць фінскую «Ювяскюля».