Старыя Фарныя могілкі ў Гродне панеслі чарговую страту. Знік металічны крыж з магілы Яна Вiдацкага, роднага брата Элізы Ажэшкі.
Апошні раз крыж бачылі на могілках у жніўні гэтага года. У канцы верасня пасля чарговай экскурсіі крыж на магіле Вiдацкага не знайшоў гісторык Андрэй Вашкевіч.
«Апошнія гады чыгунны крыж на магіле брата Элізы Ажэшкі проста стаяў ля гранітнага надмагілля, яго нехта зламаў гадоў 20 таму, але ён быў. — распавядае Андрэй Вашкевіч. — Я часта бываю на могілках і на памяць вывучыў стан многіх магіл, у тым ліку і Яна Вiдацкага. А ў апошнія выходныя, калі вадзіў калегаў па могілках, то не знашоў крыжа ля надмагілля брата Ажэшкi. Хочацца верыць, што крыж прыбралі камунальныя службы і куды-небудзь яго схавалі. Бо магіла вельмі важная, амаль ніхто з турыстаў, нават аматараў біяграфіі Элізы Ажэшкі, не ведае, што апрача сястры Камілы яна мела яшчэ і брата па маці - Яна».
[irp posts="32 138″ name="Добры прыклад для Гродна: як украінцы і палякі разам ратуюць Лычакаўскія могілкі Львова"]
Саму ж магілу Яна Вiдацкага ў свой час адшукалі краязнаўцы Алесь Госцеў і Фёдар Ігнатовіч па інфармацыі, якую ім дала польская даследчыца. Акрамя гэтага на гродзенскіх могілках пахавана і маці Элізы Ажэшкі Францішка Відацкая.
[irp posts="33 010″ name=" Нулявы кіламетр" распавёў пра найстарэйшы ў Беларусі некропаль — гродзенскія старыя могілкі"]
Даведка
Старыя гродзенскія могілкі знаходзяцца практычна ў самым цэнтры горада на вуліцы Антонава. На высокіх пагорках, амаль на трох гектарах зямлі, знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія пахаванні. Пісьмовых крыніц пра дакладны час заснавання няма. Але першыя пахаванні, якія змаглі ідэнтыфікаваць гісторыкі, адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Афіцыйна гарадскія могілкі былі заснаваныя ў 1792 годзе.