Перад матчам «Нёман» — «Дняпро», які праходзіў у Гродне 11 верасня, кіраўніцтва гродзенскага клуба дала магчымасць маладому гурту Radiance адыграць невялікі канцэрт каля трыбун. Заўзятары і музыкі засталіся задаволеныя і дзякуюць клубу за такую магчымасць.
Radiance — маладая гродзенская кавер-група, якая існуе больш за два месяцы. Хлопцы — два студэнты і два працоўныя — выконваюць вядомыя сусветныя хіты. Назва гурта перакладаецца як «ззянне» — маўляў, кожны з групы імкнецца прыўнесці нешта светлае ў гэтае жыццё праз музыку.
«Было крута. Нам прыемна, што атрымалася парадаваць людзей, якія прыйшлі падтрымаць нашу гродзенскую каманду, — распавядае прадстаўнік групы Radiance Віталь Богдзель. — Наш выступ — таксама падтрымка роднай каманды. Нашаму калектыву вельмі спадабалася выступаць перад матчам і рэакцыя людзей была вельмі пазітыўная. Мы маглі б яшчэ выступаць у такім фармаце для заўзятараў. Калі, вядома, нас яшчэ раз запросяць».
У «Нёмане» распавялі, што гатовыя і далей запрашаць групу Radiance на перадматчавыя выступы, а таксама гатовыя разгледзець заяўкі i ад іншых музычных калектываў. Свае прапановы гурты могуць дасылаць на пошту клуба fan@fcneman.by