На “Вольную сцэну” фестываля Lidbeer музыкантаў выбіралі праз галасаванне на сайце. Dzieciuki ўвесь час былі ў лідарах. Але 28 жніўня музыкі напісалі ў сацсетках, што пасля адпраўкі тэкстаў на ўзгадненне, ім нечакана паведамілі, быццам 200 галасоў гурт “накруціў”. На фестывалі яны не выступяць. “Дзіўная навіна, але прадказальная”, – кажуць музыкі.
– Уся інфармацыя ад нашага сябра і аднаго з прадстаўнікоў гурта ў Мінску – Філіпа Квача, – кажа вакаліст Аляксандр Дзянісаў. – Усё, што пачуў па тэлефоне, ён выклаў на нашых афіцыйных старонках. Больш інфы не маем. Я не аматар тэорыяў змоваў, але не асабліва верыў у тое, што мы выйдзем на сцэну LIDBEER’а. Усе пытанні да арганізатараў, якія вам адкажуць: Dzieciuki несумленна накруцілі 200 галасоў.
У выніку першае месца заняў гурт ЧуVство Полета (1368 галасоў), другое – KITCHEN STUFF ONLY (927), трэцяе – Коктейль Шаляпина (810), чацвертае – Tempo Bay (616), пятае – Мутнаевока (550), шостае – НаОдинДень (426). Арганізатары дыскваліфікавалі за накрутку галасоў пяць гуртоў. Сярод іх былі і Dzieciuki.
Накрутка або ідэалагічная недабранадзейнасць?
Dzieciuki доўгі час былі лідарам галасавання. Пазней першым стаў мінскі гурт “Чип и Дейл”, які сабраў за паўтары тыдні 13 000 галасоў. У сацсетках гаварылі пра недабрасумленнасць мінчукоў: маўляў, галасы “накручаныя”, а лідар за голас прапануе бас-туры са зніжкай і бясплатныя квіткі. Dzieciuki ішлі другімі з колькасцю каля 1600 галасоў. Карыстальнікі сацсетак не вераць, што гурт “накручваў” галасы, і лічаць, што яны не выступяць на фестывалі па ідэалагічных прычынах.



Галасаванне праходзіла на сайце lidbeer.by з 22 ліпеня па 22 жніўня. Арганізатары абяцалі, што на сайце будзе працаваць сістэма вызначэння накрутак, і музыкі, якія “накруцілі” галасы з дапамогай ботаў, будуць дыскваліфікаваныя. Арганізатары кажуць, што пакінуць у галасаванні калектывы, у якіх была выяўленая накрутка, было б несумленна ў адносінах да іншых удзельнікаў.


